Пасля разводу ў 2010 годзе бацька ні разу не заплаціў аліментаў за свайго сына – маці выхоўвала дзіця сама. У гэтым годзе хлопцу споўніцца 20 гадоў.
Доўгі час 44-гадовы мужчына афіцыйна не працаваў і быў у вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расеі, паведамляе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму.
Увесь гэты час ягоная трохпакаёвая кватэра ў Добрушскім раёне пуставала, але арыштаваць яе ў лік пагашэння доўгу паводле закону было нельга: гэта адзінае жытло даўжніка.
За гэты час сума запазычанасці перад дзіцем склала больш за 76 тысяч рублёў (каля 23 тысяч долараў).
Некалькі гадоў таму мужчына вярнуўся на радзіму і, так і не ўладкаваўшыся на працу, пераехаў у Гомель да сваёй маці-пенсіянеркі.
Судовыя прыставы вызначылі, што ў даўжніка з'явілася новае месца жыхарства, і пастанавілі, што гэта законная падстава для арышту ягонай дадатковай нерухомасці.
Трохпакаёвую кватэру выставілі на продаж і з гэтай сумы вернуць пазыку ў аліментах сыну.
Дарэчы, паводле закону Беларусі аліменты вылічаюцца з заробку ды іншых даходаў, але не са сродкаў, атрыманых ад продажу нерухомасці, занятку гульнявай дзейнасцю або продажу долі ў статутным фондзе таварыства з абмежаванай адказнасцю.
Адпаведна, калі б гомелец прадаў гэтую кватэру, то спагнаць аліменты з яго не змаглі б.
Тэса Анэйда belsat.eu