навіны

Літоўскі ўрад ухваліў магчымасць увядзення нацыянальных санкцыяў супраць РФ і Беларусі

Літоўскі сцяг. Крыніца: emigras.ru
Літоўскі сцяг. Крыніца: emigras.ru
podpis źródła zdjęcia

Кабінет міністраў Літвы зацвердзіў законапраект, які дазволіць краіне самастойна ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, калі еўрапейскія захады будуць часткова або цалкам спынены. Адпаведныя папраўкі ў заканадаўства, падрыхтаваныя літоўскім Міністэрствам замежных справаў, цяпер накіраваныя на разгляд у Сейм.

Законапраект прадугледжвае магчымасць для ўраду складаць нацыянальныя санкцыйныя спісы – з асобаў і кампаніяў, звязаных з падтрыманнем вайны супраць Украіны або рэпрэсіямі ўнутры краіны. У такіх выпадках іх актывы будуць замарожаныя. Пад абмежаванні могуць таксама трапіць цэлыя сектары эканомікі, піша «Delfi».

У той жа час дакумент прадугледжвае выключэнні: сродкі не будуць блакавацца, калі яны выкарыстоўваюцца для пакрыцця выдаткаў на ежу, лекі, арэнду, аплату камунальных паслуг, лячэнне або страхаванне.

Акрамя таго, прапаноўваецца забарона на ўвоз з Расеі і Беларусі тэхналогіяў, праграмнага забеспячэння і паслуг, а таксама на экспарт у гэтыя краіны тавараў і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя для ўмацавання іх вайсковых і прамысловых магчымасцяў. Аднак выключэнні захоўваюцца для фармацэўтычных, медычных і гуманітарных патрэбаў.

Як падкрэслілі ў МЗС Літвы, санкцыі могуць распаўсюджвацца на тыя сектары эканомікі, якія патэнцыйна здольныя спрыяць расейскай агрэсіі супраць Украіны або пагражаць бяспецы і незалежнасці Літвы, у тым ліку праз інфармацыйныя маніпуляцыі.

«Мы павінны быць гатовыя да ўсіх магчымых сцэнароў. Вядома, можна чакаць падаўжэння еўрапейскіх санкцыяў, але таксама магчымая іх частковая або поўная адмена», – прыводзіць словы намесніцы міністра замежных справаў Габіі Грыгайце-Даўгірдзе «Delfi».

Калі Сейм ухваліць папраўкі, новы механізм нацыянальных санкцыяў набудзе моц 1 жніўня.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10