Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея мэтанакіравана ўжывае ўзятых у палон замежных добраахвотнікаў, у тым ліку беларусаў, як інструмент палітычнага ціску. Паводле яго, Масква катэгарычна не хоча абменьваць грамадзянаў Беларусі, якія змагаліся на баку Украіны, а таксама адмаўляецца перадаваць украінскаму боку нават беларускіх палітвязняў.
«Яны не хочуць абменьваць грамадзянаў Беларусі, што цікава, аддаваць нам грамадзянаў Беларусі, якія былі на нашым баку. Ці нават, напрыклад, беларускіх палітычных вязняў. Нават не ідзе гаворкі пра вайну. Яны не хочуць прызнаваць, што беларусы на баку Украіны», – падкрэсліў Зяленскі падчас сустрэчы з журналістамі, перадае «Укрінформ».
На думку Зяленскага, Расея выкарыстоўвае замежных палонных не толькі як разменны матэрыял, але і як спосаб уплыву на стасункі з іхнымі краінамі. Замест таго каб вяртаць іх дадому, расейскі бок патрабуе ўзамен сваіх выведнікаў ці спрабуе ўздзеяць на ўрады краінаў паходжання палонных.
«З расейцамі вельмі цяжка з працаваць. Нават падчас абмену яны паводзяць сябе несумленна. Але мы ў любым разе працягваем намаганні. Калі мы гаворым пра мадэль "усіх на ўсіх". І спадзяюся, што гэта будзе магчыма пасля спынення агню», – сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што мае на руках спіс палітвязняў, журналістаў і замежнікаў, які перадае міжнародным партнёрам, у тым ліку з краінаў Лацінскай Амерыкі, аднак вынікі гэтых намаганняў пакуль абмежаваныя.
Нагадаем, што падчас перамоваў у Стамбуле 16 траўня была дасягнутая дамоўленасць правесці вялікі абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй – у фармаце 1000 на 1000. У выніку з 23 да 25 траўня ва Украіну вярнуліся 880 вайскоўцаў і 120 цывільных грамадзянаў.
На сёння як мінімум два беларускія добраахвотнікі застаюцца ў расейскім палоне, гэта байцы палка Кастуся Каліноўскага (ПКК) Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў. У сакавіку 2025 года Святлана Ціханоўская адзначыла, што Офіс сістэматычна ўздымае пытанні залучэння беларускіх добраахвотнікаў у спісы на абмены праз Міністэрства замежных справаў Украіны і Вярхоўную Раду.
Паводле добраахвотніка-ветэрана Аляксандра Клачка, Расея не ўспрымае іх як ваеннапалонных, а глядзіць як на наймітаў, таму не залучае ў спісы на абмен. Акрамя таго, беларусаў расейцы лічаць «братамі, таму катуюць іх больш, як украінцаў», бо ўспрымаюць як здраду барацьбу за Украіну.
Раман Шавель belsat.eu