У 10:30 у судзе Першамайскага раёну Менску пачаўся суд над актывісткай Нінай Багінскай. На судовае паседжанне над 78-гадовай жанчынай нікога не дапусцілі, у тым ліку прадстаўнікоў дыпламатычных місіяў. Такое рашэнне прыняў суддзя Максім Трусевіч, які выносіў палітычна матываваныя прысуды дзясяткам актывістаў.
Ніна Багінская прынесла з сабой на паседжанне дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён сказаў пра яе:
,,«Вы глядзіце, толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую прыбраць, то апазіцыі не будзе. Няма каму хадзіць будзе. Я памятаю Ніну Багінскую, жартам кажу, яна яшчэ хадзіла, у службе бяспекі Пазняка працавала. Ну, малайчына. Яна перакананы чалавек. Яна перакананы. Так, яе погляды кардынальна разыходзяцца з нашымі. Але гэта перакананы чалавек, і яе ні ў якім разе нельга забіраць з вуліцы, бо дэкарацыі знікнуць».
У Ніны Багінскай вялікія праблемы са здароўем – яна мае шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Усе дакументы, якія пацвярджаюць дыягназы, яна ўзяла ў суд.
Найхутчэй прысуд у справе будзе агучаны ўжо сёння. Невядома, ці пусцяць каго на абвяшчэнне прысуду. Ніне Багінскай пагражае рэальнае пазбаўленне волі, але магчыма, суд здолее ўлічыць цяжкі фізічны стан жанчыны, яе ўзрост і вынесе пакаранне без накіравання Багінскай за краты.
Ніну Багінскую абвінавачваюць паводле арт. 342 ч. 2 (неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). У аснове абвінавачання – адміністратыўныя пратаколы і судовыя пастановы за 2024 год. Усе яны датычаць выкарыстання нацыянальнай сімволікі, і адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!».
Любоў Лунёва belsat.eu