У Нацыянальным аэрапорце «Менск» у ноч з 21 на 22 траўня памежнікі затрымалі мужчыну з дзяўчынкай, якія спрабавалі трапіць на рэйс у Дубай з расейскімі пашпартамі. Дакументы выклікалі падазрэнне, і падчас правярання высветлілася: старонкі з асабістымі звесткамі былі заменены, гэта значыць, пашпарты часткова падробленыя.
Як паведаміла прэс-служба Дзяржпамежкамітэту, у выніку правярання ўдалося выявіць, што мужчына ў міждзяржаўным вышуку, абвешчаным МУС Расеі. Яго шукаюць паводле абвінавачання ў забойстве. Акрамя таго, ён быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў і не меў законнага права жыць з дачкой.
Пасля страты апекі мужчына выкраў дзіця ў маці і на працягу пяці гадоў хаваўся разам з дзяўчынкай. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, ён наважыўся вывезці яе ў ААЭ праз Беларусь, але быў затрыманы.
Цяпер дзяўчынка перададзеная работнікам крымінальнага вышуку ГУУС Менгарвыканкама – яе рыхтуюць да вяртання маці.
Мужчына змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні яго будзе распачатая крымінальная справа. За спробу незаконнага перасячэння мяжы яму пагражае штраф да 100 базавых велічыняў, а за выкарыстанне падробленых дакументаў – абмежаванне волі тэрмінам да двух гадоў.
Раман Шавель belsat.eu