Валанцёр Праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Чапюк эвакуяваны з Беларусі камандай «BYSOL». Пра гэта паведамляе сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.
Андрэй Чапюк правёў за кратамі чатыры з паловай гады, паўтара з іх – у СІЗА. Ён быў арыштаваны ГУБАЗіКам у кастрычніку 2020 года. Цяпер на дапамогу Андрэю адкрыты збор на «BYSOL».
«Паўтара года мяне спрабавалі абвінаваціць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Нічога не ўдалося. Але знайшлі іншыя артыкулы: удзел у злачыннай арганізацыі, распальванне сацыяльнай варожасці, і нават – апаганьванне збудаванняў – за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Сваю віну я не прызнаў», – расказаў ён у допісе пра збор.
Андрэй павінен быў выйсці на волю 18 красавіка 2025 года.
,,«Але замест волі мяне зноў чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. З ужываннем сілы мяне вывезлі на допыт паводле новай "палітычнай справы". Фармальна – як сведку. Але ў Беларусі сведка можа ў любы момант зрабіцца абвінавачаным.
Пазней суд прызнаў мяне злосным парушальнікам рэжыму, усталяваў прэвентыўны нагляд на 18 месяцаў і забараніў выезд з краіны. Мяне ўлучылі ў экстрэмісцкі і тэрарыстычны спісы.
Гэта значыць, што я не магу атрымаць нават звычайную банкаўскую картку. Афіцыйна ўладкавацца на працу – немагчыма. Зняць жытло – таксама. А калі ты беспрацоўны – зноў артыкул», – дзеліцца Андрэй.
Тады ён пастанавіў уцякаць. Ён адзначае, што цяпер яму даволі цяжка.
«За плячыма – гады ціску, турмы і прыніжэнняў. Наперадзе – невядомасць. Мне трэба аднавіцца пасля амаль пяці гадоў у зняволенні, знайсці жытло, падлячыцца і наноў навучыцца быць у свеце, дзе можна дыхаць. Я прашу вашай дапамогі. Проста каб выжыць у гэты пераходны момант. Каб сабрацца, прыйсці ў сябе, пачаць з пачатку», – падводзіць рысу Андрэй.
Арсен Рудэнка belsat.eu