Аналітыка

«Яны беларусаў не атакуюць». Ці варта пераймацца вынікам ультраправых на выбарах у Польшчы?

img
Антыімігранцкая дэманстрацыя ў Радаме, Польшча. 1 траўня 2025 года. NurPhoto / Contributor / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы скрайне правыя палітыкі Славомір Мэнцэн і Гжэгаж Браўн набралі разам 21,15 %, або 4,1 млн галасоў. Паводле вынікаў галасавання яны занялі адпаведна трэцяе і чацвёртае месца. Чаму ультраправыя займелі такую папулярнасць і ці варта праз гэта турбавацца беларусам?

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адбыўся 18 траўня. Першае месца заняў Рафал Тшаскоўскі з кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі» (KO), за яго аддалі свае галасы 31,36 % выбарнікаў. 29,54 % набраў Караль Наўроцкі, якога падтрымоўвае апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS). Абодва палітыкі выйшлі ў другі тур, што адбудзецца ў гэтую нядзелю, 1 чэрвеня.

Галасаванне на выбарах у Сейм Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Attila Husejnow/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
«Палітыка ў дачыненні Менску не зменіцца». Польшча рыхтуецца да выбараў прэзідэнта навіны

Трэці вынік паказаў Славомір Мэнцэн з ультраправай партыі «Канфедэрацыя», ён атрымаў 14,81 %. Следам – лідар яшчэ адной скрайне правай партыі, «Канфедэрацыя польскай кароны», Гжэгаж Браўн. Ён набраў 6,34 %.


Агулам двух прадстаўнікоў гэтага флангу палітычнай сцэны падтрымалі больш за 4,1 млн выбарнікаў.


Зрэшты, галоўны рэдактар польскамоўнай рэдакцыі сайту «Белсату» Міхал Кацэвіч не схільны называць такі вынік буйным поспехам. Ён тлумачыць, што за гэтых кандыдатаў галасавалі збольшага на знак пратэсту:


«Гэта пратэст праз дуаполію "Грамадзянскай кааліцыі" і "Закону і справядлівасці", што кіруюць па чарзе цягам двух дзесяцігоддзяў».


Акрамя таго, у выпадку з Мэнцэнам спрацаваў чыннік новай асобы ў палітыцы, падкрэслівае журналіст:

,,

«Ёсць пэўная катэгорыя выбарнікаў, якія шукаюць новага – таго, каго яшчэ не было. І ў электараце Мэнцэна маецца досыць вялікая група выбарнікаў, чыёй галоўнай матывацыяй было "ён там яшчэ не быў, ён новы"».


Папулярнасць ультраправых у Польшчы – з'ява не эксклюзіўная, упэўнены Кацэвіч. Усё як агулам у заходнім свеце:

Прыхільнікі Нікушора Дана на дэманстрацыі пасля ягонай перамогі на выбарах. Бухарэст, Румынія. 18 траўня 2025 года. Фота: Andrei Pungovschi/Getty Images
«Пратэставае галасаванне». Чым пагражае папулярнасць крайне правых у Румыніі? Аналітыка

«Пандэмія ковіду, вайна ва Украіне і эміграцыя ў Еўропу з поўдня. У польскім выпадку гэтыя настроі падсілкоўваліся яшчэ і тым, што Польшча вельмі хутка, цягам 2–3 гадоў, пераўтварылася з этнічна аднароднай краіны ў шматэтнічную, дзе цяпер жыве больш за 2 млн мігрантаў – збольшага з Украіны, але не толькі. Для бальшыні палякаў гэта быў цывілізацыйны шок. Мы як грамадства не былі гатовыя да такіх хуткіх пераменаў. Гэта было нечакана».


Натуральна, што гэткай напружанасцю скарысталіся палітыкі, і не толькі правыя.


«На гэтай хвалі эмоцыяў і страху ад зменаў у Польшчы, ад змены культурнага коду, ад эміграцыі скрайне правыя пабудавалі сваю папулярнасць. Прыйшоў страх праз умяшанне моцнай дзяржавы ў жыццё грамадзянаў (гэта страх з часу пандэміі) і страх вайны (вайна ва Украіне). І гэтага аказалася дастаткова», – разважае Міхал Кацэвіч.

Маладзёны на перадвыбарчым мітынгу Славоміра Мэнцэна з ультраправай партыі «Канфедэрацыя». Варшава, Польшча. 10 траўня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images
Маладзёны на перадвыбарчым мітынгу Славоміра Мэнцэна з ультраправай партыі «Канфедэрацыя». Варшава, Польшча. 10 траўня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images

Мэнцэн зрабіўся найпапулярнейшым кандыдатам сярод маладых выбарнікаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Суразмоўца «Белсату» тлумачыць: гэта вынік эфектыўнай кампаніі ў сацсетках, перадусім – у TikTok:

,,

«Мэнцэн здолеў стварыць вобраз "сябра", "свайго суседскага хлопца". Нягледзячы на тое, што яму амаль 40 гадоў, ён пераканаў маладзёнаў, што ён амаль іхны аднагодак. Маладзёны стаміліся ад аднолькавых твараў у палітыцы ў сваім жыцці, бо ў польскай палітыцы ўжо 20 гадоў дамінуюць Качыньскі і Туск».


Гэта трохі як у Беларусі і Расеі, дзе новае пакаленне не ведае, як яно можа быць без Лукашэнкі і Пуціна. «Толькі ў Польшчы маладзёны могуць выбіраць, і яны выбіраюць Мэнцэна – крутога хлопца на скутары, хлопца з TikTok, які прапануе простае развязанне складаных праблемаў», – адзначае журналіст.


Ён пры гэтым не выключае, што папулярнасць скрайне правых яшчэ павялічыцца, бо міграцыі канца і краю не відаць:


«Цяпер эканамічная сітуацыя ў Польшчы добрая, Польшча будзе багацець і патрабаваць працоўных рук. Краіна будзе рабіцца ўсё больш прывабнаю для мігрантаў, у тым ліку па-за межамі Еўропы. Калі скончыцца вайна ва Украіне, адтуль, імаверна, хлыне новая хваля мігрантаў, на гэты раз збольшага мужчынаў. Гэта створыць дадатковую напружанасць і зноў выкліча эмоцыі, чым і скарыстаюцца ультраправыя». 

«Канфедэрат» Славомір Мэнцэн на перадвыбарчым мітынгу. Катавіцэ, Польшча. 26 красавіка 2025 года. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images
«Канфедэрат» Славомір Мэнцэн на перадвыбарчым мітынгу. Катавіцэ, Польшча. 26 красавіка 2025 года. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images

Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што польскія скрайне правыя, хоць яны і супраць мігрантаў, беларусаў не атакуюць. Беларусам дастаецца, калі іх прымаюць за ўкраінцаў:

,,

«Беларусы не ёсць аб'ектам рытарычных атакаў з боку правых. Праблема ў тым, што звычайныя людзі часта блытаюць іх з украінцамі. А ў выпадку з украінцамі ўльтраправыя маюць прэтэнзіі ў гістарычных і іншых пытаннях».


Зрэшты, Кацэвіч не чакае «канфедэратыўнага» ўраду ў Польшчы. Кажа, радыкалы могуць прыйсці да ўлады ў кааліцыі з іншымі сіламі, а такое аб'яднанне магчымае толькі ў выніку перамоваў і кампрамісаў:


«Самастойна "Канфедэрацыя" кіраваць не будзе, толькі ў кааліцыі разам з PiS. А кааліцыя прадугледжвае кампрамісы, дый самая "Канфедэрацыя" ўжо істотна змякчыла сваю рыторыку ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі ў выпадку з Мэнцэнам. Яны ўжо не такія радыкальныя. А да парламенцкіх выбараў праз два гады яны зробяцца яшчэ больш "цывілізаванымі"».


Што датычыць скандальнага Гжэгажа Браўна, які гасіў з вогнетушыцеля ханукальныя свечкі ў польскім Сейме і таптаў ды паліў сцяг Еўразвязу, то ён можа проста знікнуць з палітычнай сцэны, бо не здольны на кампрамісы, падсумаваў Кацэвіч.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10