Двое высокапастаўленых расейскіх работнікаў паліцыі зладзілі перастрэлку ў Воршы раніцай 26 траўня. У выніку адзін з іх застрэліў другога, паведамляе «Orsha.eu». МУС Беларусі пацвердзіла факт перастрэлкі і смерць расейца.
Паведамляецца, што на Аршанскім скрыжаванні – скрыжаванне трасы М1 і Е95 – шмат міліцыі. Паводле «Orsha.eu», раніцай туды прыехалі двое грамадзянаў Расеі. Яны нібыта былі высокапастаўленымі працаўнікамі расейскай паліцыі: маёр і падпалкоўнік.
«Дакладна мы пакуль не можам сказаць у чым прычына разбіранняў, падобна на "асабістую непрыязнасць, якая раптам успыхнула". Але абодва мелі траўматычныя пісталеты, якія і ўжылі. Адзін з паліцэйскіх аказаўся больш трапным і паклаў свайго суперніка на смерць. Забойца быў затрыманы на месцы здарэння», – адзначаецца ў паведамленні.
УУС Віцебскага аблвыканкаму не паведамляе ні пра якія падобныя інцыдэнты. Ворша ў паведамленнях ведамства 26 траўня на момант публікацыі згадваецца толькі ў кантэксце пажаданняў добрага тыдня ад участковага інспектара міліцыі Аршанскага РУУС Максіма Кантроўскага.
Абноўлена. Пазней прэс-служба МУС пацвердзіла, што перастрэлка была – забіты 45-гадовы расеец, а 41-гадовы расеец затрыманы.
«Сёння каля 8:30 на аўтадарозе Р-87 "Ворша – Віцебск" паблізу п.высокае Аршанскага раёну знойдзены труп 45-гадовага расейца, а таксама аўтамабіль Lada без рэгістрацыйных знакаў. Побач знаходзіўся прадмет, падобны на пісталет, – піша МУС. – Па гарачых слядах быў устаноўлены і затрыманы 41-гадовы мужчына, грамадзянін Расейскай Федэрацыі».
Адзначаецца, што род дзейнасці мужчын, а таксама прычыны здзяйснення злачынства высвятляюцца. Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Арсен Рудэнка belsat.eu