У Беларусі няма ядравай зброі і малаверагодна, што яна там з'явілася, заявіў кіраўнік службы вонкавай выведкі Украіны Алег Івашчанка парталу «Укрінформ». Ён таксама расказаў, чаго чакае ад вайсковых вучэнняў «Захад-2025», што пройдуць у Беларусі восенню.
Алег Івашчанка кажа, што ў Беларусі сапраўды ёсць носьбіты ядравай зброі – самалёты і аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».
«Але самой ядравай зброі ў Беларусі няма. Гэта факт», – адзначае кіраўнік службы вонкавай выведкі Украіны.
Пры гэтым у Беларусі ўладкоўваюцца месцы для захоўвання ядравай зброі, дадае ён.
,,«Лукашэнка кажа, што да канца года ў іх будзе "Арэшнік" [балістычная ракета і ракетны комплекс. – Заўв. рэд.]. Але гэта падобна на прыняцце жаданага за сапраўднае. На сёння нічога такога няма, і малаверагодна, што зʼявіцца», – працягвае Алег Івашчанка.
Гаворачы пра расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2025», якія маюць адбыцца восенню, Івашчанка адзначае, што Украіна валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй наконт іх.
«Расея ўжо разаслала каля 40 запрашэнняў вайсковым прадстаўнікам іншых краінаў. Яны хочуць зрабіць з гэтага міжнароднае дзейства. Паводле задумы вучэнняў, будзе разыгрывацца аператыўны эпізод супрацьстаяння дзвюх кааліцыяў дзяржаваў. Адна – пад кіраўніцтвам Расеі, другая – умоўны Захад. Зразумела, пра каго вядзецца гаворка. Гэта тыя краіны, якія сёння падтрымліваюць Украіну. Нашыя еўрапейскія партнёры», – кажа ён.
Алег Івашчанка нагадвае, што з таго часу, як яго ў 2015 годзе прызначылі намеснікам начальніка ГУР – намеснікам начальніка Генштабу Украіны, кожныя вучэнні Расеі і Беларусі былі звязаныя з усталяваннем кантролю над Сувальскім калідорам.
«Гэта не фантазіі, а частка іх стратэгічных сцэнароў. Яны заўсёды разглядаюць варыянт, што Калінінград пад пагрозаю, што NATO можа ўзяць пад кантроль рэгіён або што ў Беларусі можа адбыцца нейкая "каляровая рэвалюцыя". І тады Расея "прыходзіць на дапамогу" – уводзіць войскі. Такі сцэнар. Для гэтага яны рыхтавалі 1-ю танкавую армію і 20-ю агульнавайсковую армію. Гэтыя войскі, паводле плану, ідуць праз Сувальскі калідор на Калінінград. Безумоўна, у гэтай сітуацыі ёсць непасрэдная пагроза для краінаў Балтыі», – кажа Івашчанка.
Пры гэтым беларуская армія маральна не гатовая ваяваць і малалікая, дадаў ён. Аднак каля 80 % беларускіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу працуюць на Расею.
Арсен Рудэнка belsat.eu