Паліцыя дапытала пацярпелых і сведкаў, канфіскавала і прааналізавала запісы з камераў, пасля чаго ўсе матэрыялы перадалі ў пракуратуру варшаўскага раёну Прага-Поўнач.
Пракуратура распачала расследаванне справы, паведамляе vitrina.pl.
На рашэнне пракурора аператыўнікі затрымалі 34-гадовага мужчыну ў медычнай установе і даставілі ў пракуратуру. Там яму выставілі абвінавачанні ў пашкоджанні шасці аўтамабіляў, кіраванні «Hyundai» пад уздзеяннем марыхуаны, а таксама ў стварэнні непасрэднай пагрозы катастрофы на дарозе.
Цяпер яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, навіна пра беларуса, які голым учыніў шэраг ДТЗ, з’явілася 15 красавіка. Паведамлялі, што ўсё пачалося на вуліцы Глэмбцокай, дзе беларус за стырном «Hyundai» урэзаўся ў «BMW», пасля чаго працягнуў рух і сутыкнуўся з аўтацыстэрнай і «Peugeot».
Пасля гэтага мужчына вылез на дах свайго аўта. Паводле сведак, у гэты момант хтосьці, магчыма, сеў за стырно, бо машына працягнула рух і ўрэзалася ў адбойнік. Сам герой упаў на абочыну, а аўтамабіль яшчэ паспеў стукнуцца ў «Iveco».
Побач апынуўся цяжкавік – беларус прыліп да яго ззаду і «праехаўся прычэпам», як апісалі журналісты. Далей – вуліца Марывільска, дзе мужчына цалкам раздзеўся, разбіў шыбу ў «Nissan», а затым заскочыў на дах «Renault». Так ён даехаў ажно да вуліцы Мадліньскай.
На Мадліньскай мужчыну нарэшце затрымалі іншыя кіроўцы і перадалі паліцыі. Сведкі здарэння знялі фрагменты падзеяў на смартфоны.
Калі адбылося здарэнне, некаторыя медыі пісалі, што беларус быў пад уздзеяннем наркотыкаў. Аднак тады гэтая інфармацыя была не пацверджаная.
Тэса Анэйда belsat.eu