Хутчэй за ўсё, яе пакінуў расейскі інжынер, які спачувае Украіне.
Унутры аднаго з беспілотнікаў, якія Расея выкарыстоўвала для нападу на Украіну, была знойдзеная цыдулка, якая апісвае новы алгарытм кіравання. Верагодна, яе пакінуў адзін з расейскіх інжынераў, піша «The Economist».
У цыдулцы гаворыцца, што беспілотнікамі цяпер кіруюць боты ў Telegram, якія дасылаюць аператарам-людзям звесткі пра палёт і відэа ў рэжыме рэальнага часу.
Цыдулку знайшлі ў кіеўскай лабараторыі ўкраінскія інжынеры, якія разбіраюць расейскія беспілотнікі. Калі гэта адбылося, застаецца невядомым.
Паводле звестак «The Economist», украінскія інжынеры раней выявілі, што новыя беспілотнікі «Shahed», якія выкарыстоўвае Расея, больш не адчувальныя да сістэмаў радыёэлектроннай барацьбы, бо яны не абапіраюцца на GPS, а кіруюцца штучным інтэлектам і, у тым ліку, выкарыстоўваюць украінскую мабільную сетку.
«The Economist» піша, што цыдулку, меркавана, пакінуў «расейскі інжынер, які спачувае Украіне».
Тэса Анэйда belsat.eu