Падчас нядаўняга візіту Уладзіміра Пуціна ў Курскую вобласць ягоны верталёт апынуўся ў цэнтры маштабнай атакі ўкраінскіх беспілотнікаў.
Пра гэта паведаміў камандзір дывізіі паветранай абароны РФ Юрый Дашкін у эфіры тэлеканалу «Россия», піша «РБК». Падчас перамяшчэння верталёта з Пуціным над рэгіёнам адначасова адбывалася інтэнсіўная аперацыя СПА супраць украінскіх дронаў.
Паводле Дашкіна, 20 траўня, калі адбываўся візіт, Украіна здзейсніла «беспрэцэдэнтную атаку» з выкарыстаннем беспілотнікаў. Сілы СПА знішчылі 46 апаратаў самалётнага тыпу.
«Мы вялі бой і адначасова гарантавалі бяспеку прэзідэнцкага борта, які пралятаў праз зону, дзе адбывалася масаваная атака», – заявіў Дашкін.
Варта адзначыць, што гэта быў першы візіт Пуціна ў Курскую вобласць, пасля таго як расейскія ўлады абвясцілі яе «вызваленай» ад Узброеных сілаў Украіны.
Расейскае Міністэрства абароны і Генеральны штаб адсправаздачыліся пра вызваленне Курскай вобласці 26 красавіка. Аднак украінскі бок не пацвярджаў заяваў РФ, 21 траўня Генеральны штаб Украіны паведаміў, што ў пэўных памежных раёнах Курскай вобласці аперацыя ЗСУ працягваецца.
Раман Шавель belsat.eu