Ціхі крык Лукашэнкі пра дапамогу. Нечаканы госць у Менску. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

HTML5 youtube

Беларусь нападзе на NATO летам?

 

У выпадку замірэння паміж Украінай і Расеяй пагрозы для Еўропы толькі вырастуць. Ананімныя крыніцы ў спецслужбах NATO і Еўропы заяўляюць, што Расея можа атакаваць краіны Балтыі або Польшчу – праз Беларусь. Эксперты называюць супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2025» прыкрыццём для такога ўварвання. Напярэдадні вучэнняў, што пройдуць восенню, Беларусь наведаў міністр абароны Расеі Андрэй Белавусаў. Лукашэнка адрапартаваў: «Да вучэнняў гатовы».

 

Лукашэнка адпраўляе чыноўнікаў шукаць золата ў смецці.

 

Амаль паўгода Беларусь праіснавала пад лозунгам Года добраўпарадкавання. Толькі цяпер Лукашэнка ўзяўся за смецце. Прычым, запэўнівае, уласнымі рукамі. Мала таго, што трэба фактычна навесці парадак, дык загадвае яшчэ і манетызаваць справу. Самае цікавае, што чыноўнікі нібыта прыдумалі, якім чынам.

 

Таямнічыя справы рэжыму Лукашэнкі ў Амане.

 

Менскі дыктатар прывітаў наследнага прынца Аману. Дамовіліся пра турызм і гандаль. Асаблівыя спадзевы Лукашэнка выказаў на карыстанне марскімі партамі. Гучыць загадкава. Паспрабавалі разабрацца, што менавіта ён хоча адтуль атрымаць.

 

Рубрыка «Лінія фронту» Змітра Міцкевіча

 

У Беларусі распачалася міжнародная выстава абароннай прамысловасці «MILEX-2025». У падзеі прымаюць удзел больш за 90 арганізацыяў абарончага сектару эканомікі. Свае экспазіцыі прэзентуюць больш за 150 кампаніяў з Беларусі і 5 краінаў свету: Расеі, Кітаю, Ірану, Пакістану ды Індыі. Колькасць рэпрэзентаваных вытворцаў у паўтара разу большая, чым у 2023 годзе, але геаграфія ўдзельнікаў выставы застаецца на тым жа ўзроўні, хоць яшчэ ў 2019 годзе яны была шырэйшая ўдвая – кампаніі з 10 замежных краінаў паказвалі сваю прадукцыю.

 

Тая ж тэндэнцыя назіраецца і з афіцыйнымі дэлегацыямі. Гэтак, у рамках выставы міністр Хрэнін правёў сустрэчы з прадстаўнікамі ўсяго трох дэлегацыяў: Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Зімбабвэ і АДКБ. Аднак не абмінуў магчымасці выступіць з ужо звыклай рыторыкай.

 

Паўтарэнне расейскіх баек пра агрэсіўную Еўропу вуснамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў ужо нікога не здзіўляе, а заява пра санкцыі на фоне геаграфіі самой выставы «MILEX-2025» якраз вельмі добра падкрэслівае, куды рушыць беларускі ВПК.

 

Гэтак, прадстаўнікі Міністэрства абароны Лукашэнкі ў рамках выставы правялі сустрэчы з дэлегацыямі расейскіх «Уралвагонзаводу» і Тульскага збройнага заводу, з якімі падпісалі кантракты на пастаўку, рамонт і абслугоўванне ўзбраенняў ды пастаўку боепрыпасаў. Дэталі дамоваў не раскрываюцца. Але звычайна пра нешта маштабнае для так званых Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь паведамляюць адразу.

 

Галоўнай беларускай распрацоўкай, прадэманстраванай на выставе, стаў ЗРК «Бук-МБ-2К» з першай беларускай кіраванай зенітнай ракетай.

 

Візіт Ціханоўскай у Албанію

 

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтамі Францыі, Украіны, Турцыі, прэм’ер-міністрамі Польшчы, Славаччыны і нават Арменіі. Гэта толькі пачатак спісу еўрапейскіх кіраўнікоў, з якімі дэмакратычная лідарка змагла перамовіцца на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Але што ад гэтых сустрэчаў самім беларусам?