Джэймз Комі сфатаграфаваў ракавінкі ў форме лічбаў 8647 на пяску. Яго абвінавацілі ў закліку да забойства амерыканскага прэзідэнта Доналда Трампа.
Паводле звестак CNN, Джэймз Комі не бралі пад варту, ён прыйшоў на допыт у Сакрэтную службу ЗША ў Вашынгтоне добраахвотна, на фоне спрэчак у сацыяльных сетках.
Інтэрв’ю Комі дасць тлумачэнні агентам, якія расследуюць ягоны Instagram-пост з выявай ракавінак на пляжным пяску, дзе напісана «86 47». Гэтыя лічбы сталі папулярным кодам у сацыяльных сетках для адхілення Трампа ад пасады прэзідэнта.
Трамп ды іншыя рэспубліканцы раскрытыкавалі Комі за гэты допіс, патрабуючы расследавання.
«Комі дакладна ведаў, што гэта значыць», – сказаў Доналд Трамп у інтэрв'ю «Fox News». – Нават дзіця ведае, што гэта значыць. Калі ты дырэктар FBI і не ведаеш, што гэта значыць, гэта азначала забойства».
Пасля Комі выдаліў пост і напісаў у Instagram: «раней я апублікаваў фатаграфію ракавінак, якія я бачыў сёння на пляжным шпацыры» і «я выступаю супраць гвалту любога кшталту».
«Я не ўсведамляў, што некаторыя людзі асацыююць гэтыя лічбы з гвалтам», – сказаў Комі ў чацвер пра лік «86», які можа азначаць нешта выкінутае або вывезенае. А наступны лік «47» супадае з тым, што Трамп цяпер – 47-ы прэзідэнт.
Але з юрыдычнага гледзішча судовы пераслед Комі мае мала шанцаў на поспех, бо гэта была не адкрытая пагроза, а палітычныя выказванні, абароненыя Канстытуцыяй краіны. Гэта пацвярджае і кейс 1969 года, калі суд апраўдаў мужчыну, які публічна заявіў: калі яго калі-небудзь прымуць у армію і прымусяць насіць вінтоўку, «першы чалавек, якога я хачу ўзяць на прыцэл, – гэта Джонсан», маючы на ўвазе тагачаснага прэзідэнта Ліндана Джонсана.
Нагадаем, Комі быў дырэктарам FBI з 2013-га да 2017 года, пакуль яго не звольніў Трамп, якога Комі публічна крытыкаваў. У 2020 годзе Комі падчас прэзідэнцкіх выбараў падтрымліваў кампанію Джо Байдэна, а ў 2024 годзе – кампанію Камалы Гэрыс.
Тэса Анэйда belsat.eu