Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў звесткі пра рэальныя наяўныя грашовыя даходы (даходы, з якіх адлічаныя падаткі, зборы і ўнёскі і якія скарэктаваныя з увагі на індэкс спажывецкіх цэнаў для тавараў і паслуг) насельніцтва краіны Беларусь у першым квартале 2025 года.
Паводле Белстату, за першыя тры месяцы рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў выраслі на 12 % да ўзроўню першага кварталу 2024 года. За студзень – сакавік 2024 года рост быў меншы і склаў 9,1 %. Агулам ва ўсе кварталы мінулага года рэальныя наяўныя грашовыя даходы раслі ў інтэрвале 9,1–9,7 %.
У агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займае 64,7 %, пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву – 22,4 %, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, што прыносіць даход, – 7,6 %, даходы ад уласнасці і іншыя даходы – 5,3 %.
У разрэзе рэгіёнаў найбольш даходы выраслі ў Менскай і Магілёўскай вобласцях – на 13,9 % і 13,2 % адпаведна. На Берасцейшчыне яны павялічыліся на 12,8 %, на Гарадзеншчыне – на 11,8 %, на Віцебшчыне – на 11,7 %, на Гомельшчыне – на 11,4 %. Найменш заўважным рост быў у Менску – толькі на 10,8 %.
Нагадаем, што рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў 2024 годзе выраслі на 9,7 % адносна ўзроўню 2023 года. Найбольш моцна выраслі даходы жыхароў Менскай вобласці – на 10,9 %. У жыхароў Берасцейшчыны яны павялічыліся на 10,2 %, у менчукоў – на 9,9 %. Найменш выраслі даходы жыхароў Віцебшчыны – на 8,6 %. Таксама менш, чым па краіне, выраслі даходы жыхароў Гарадзеншчыны (на 9,3 %) і Магілёўшчыны (на 9,5 %).
Агулам перадвыбарчы 2024 год стаўся рэкордным паводле росту рэальных грашовых даходаў беларусаў як мінімум з 2013 года. Тады даходы беларусаў выраслі ажно на 15,4 %. Праўда, ужо ў наступным годзе іх рост спыніўся, а затым і агулам на некалькі гадоў сышоў у мінус. Пры гэтым тэмпы росту рэальных даходаў у 2024 годзе ўсё адно адстаюць ад перадвыбарчага 2010 года і 2012–2013 гадоў, што ішлі за крызісным 2011-м.
Нагадаем, што даследчы цэнтр BEROC палепшыў прагноз росту эканомікі і заробкаў у Беларусі. Паколькі працаўнікоў у краіне моцна не стае, прадпрыемствы вымушаныя працягваць напампоўваць заробкі:
,,«Заробкі даволі хутка раслі ў першым квартале, і ў рэальным выражэнні, гэта значыць з карэкцыяй на змяненне коштаў, прыкладна на 35 % перавысілі сярэдні паказнік 2021 года».
Згодна з прагнозам эксперта, рэальныя заробкі вырастуць сёлета на 8–10 %, што таксама вышэй за прагнозы. Тым не менш, праз запаволенне росту эканамічнай актыўнасці дынаміка заробкаў таксама будзе паступова згасаць, кажуць эксперты.
Якуб Хруст belsat.eu