За апошнія дзесяць гадоў колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, скарацілася амаль на траціну, у той час як навучанне на расейскай мове працягвае расці.
Пра гэта сведчаць звесткі, прааналізаваныя выданнем «Позірк» на падставе публікацыяў Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
Паводле звестак, на канец 2024 года па-беларуску навучаліся каля 88,9 тысяч школьнікаў – на 34,4 % менш, чым у 2014-м. Адначасова колькасць тых, хто вучыцца на расейскай мове, вырасла амаль на чвэрць – з 808 тысяч да больш як 991 тысячы.
Як адзначае «Позірк», тэндэнцыя захоўваецца ў большасці рэгіёнаў краіны: найвялікшае скарачэнне навучання на беларускай мове адбылося ў Віцебскай (мінус 59,1 %) і Магілёўскай (мінус 43,7 %) вобласцях, а адзіным рэгіёнам, дзе назіраецца рост колькасці беларускамоўных школьнікаў, застаўся Менск (+10,9 %).
Варта адзначыць, што калі ў 2020-м улады казалі пра тое, што ў Беларусі агулам 45 % беларускамоўных школаў, то 2024-м міністр адукацыі Андрэй Іванец заяўляў, што такіх школаў толькі 40 %. Большасць такіх школаў, паводле Іванца, працуе ў вёсках. Аднак цягам апошніх гадоў яны паступова закрываюцца праз малую колькасць вучняў.
Афіцыйную моўную палітыку апошніх гадоў можна ахарактарызаваць як паслядоўную русіфікацыю: паводле перапісу насельніцтва, доля тых, хто называе беларускую роднай мовай, знізілася з 85,6 % у 1999 годзе да 61,2 % у 2019-м.
Раман Шавель belsat.eu