Міністэрства замежных справаў Літвы прапануе замацаваць у заканадаўстве магчымасць увядзення нацыянальных санкцыяў супраць грамадзянаў і кампаніяў з Расеі і Беларусі, калі ЕЗ не працягне сваіх.
Такая ініцыятыва ўзнікла на фоне няпэўнасці, ці здолее Еўразвяз адзінагалосна працягнуць агульнаеўрапейскія санкцыі супраць Расеі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў ліпені, паведамляе «Delfi». Асноўныя сумневы выкліканыя пазіцыяй Вугоршчыны, якая можа заблакаваць 17-ы пакет санкцыяў.
Як паведамляе МЗС Літвы, у выпадку, калі Еўразвяз не працягне сваіх захадаў, у краіне пачнуць дзеяць нацыянальныя абмежаванні. Паводле прапанаваных паправак, літоўскі ўрад атрымае права самастойна складаць санкцыйныя спісы фізічных і юрыдычных асобаў, замарожваць іх актывы і ўводзіць сектаральныя абмежаванні.
Санкцыі будуць дастасоўвацца да тых асобаў або кампаніяў, якія спрыяюць вайне ва Украіне, парушаюць яе тэрытарыяльную цэласнасць або ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць апазіцыі. Аднак уводзяцца выняткі – напрыклад, калі сродкі патрэбныя для набыцця ежы, лекаў, аплаты арэнды, падаткаў ці страхоўкі, а таксама ў выпадках, звязаных са здароўем.
Асобная ўвага надаецца эканамічным санкцыям. Літва плануе забараніць імпарт тавараў, праграмнага забеспячэння і тэхналогіяў з Расеі і Беларусі, калі яны прыносяць значны даход гэтым краінам. Экспарт з Літвы таксама будзе абмежаваны – у прыватнасці, прадуктаў і паслуг, што могуць быць выкарыстаныя для развіцця войска або прамысловасці гэтых дзяржаваў. Пры гэтым гуманітарныя, фармацэўтычныя і медычныя патрэбы не трапяць пад абмежаванні.
Пры неабходнасці Літва можа ўвесці дадатковыя захады ў тых сектарах, што маюць дачыненне да ваеннай агрэсіі ці пагражаюць бяспецы краіны, у тым ліку інфармацыйнай.
Згодна з планам, змены маюць набыць моц 1 жніўня.
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі вітаў ініцыятыву ўраду Літвы ва ўвядзенні нацыянальных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрыманне жорсткай пазіцыі адносна яго міжнародных злачынстваў. Кабінет падкрэсліў важнасць літоўскага лідарства і выказаў гатовасць аказваць дапамогу, а таксама заклікаў іншыя краіны ЕЗ далучыцца да ініцыятывы дзеля ўзмацнення санкцыйнага ціску.
Нагадаем, што з траўня ў Літве ўвайшлі ў сілу новыя абмежаванні для грамадзянаў Расеі: тыя, хто цягам трох месяцаў без важкай прычыны больш як адзін раз паедуць у Расею або Беларусь, могуць страціць дазвол на жыхарства. Такія абмежаванні прадугледжаныя дадатковымі захадамі нацыянальных санкцыяў, якія Сейм краіны працягнуў яшчэ на год у красавіку. Абмежаванні не закрануць тых, хто выязджае транзітам, напрыклад, дальнабойнікаў і перавознікаў, або калі паездка выкліканая незалежнымі ад асобы прычынамі.
Раман Шавель belsat.eu