Іран выказаў гатовасць падпісаць ядравае пагадненне са Злучанымі Штатамі Амерыкі ў абмен на зняцце эканамічных санкцыяў.
Пра гэта ў інтэрв'ю «NBC News» паведаміў галоўны палітычны і вайсковы дарадца вярхоўнага лідара Ірану Алі Шамхані. Паводле яго, Тэгеран абавязваецца назаўсёды адмовіцца ад распрацоўвання ядравай зброі, ліквідаваць запасы высокаабагачанага ўрану і дапусціць міжнародных інспектараў да кантролю над ядравай праграмай.
Шамхані падкрэсліў, што калі амерыканцы выканаюць свае абяцанні, Іран гатовы падпісаць пагадненне ўжо цяпер. Ён падкрэсліў, што Іран гатовы абагачаць уран выключна да ўзроўню, неабходнага для мірнага выкарыстання, і чакае ад Вашынгтону адкрытасці.
Варта адзначыць, што Доналд Трамп патрабуе ад Ірану наогул адмовіцца ад абагачэння ўрану – нават для цывільных патрэбаў, вымагаючы пачаць імпартаваць ядравае паліва. Але для іранскіх уладаў гэты момант застаецца прынцыповым, у Тэгеране ўжо заявілі, што гэта пытанне, ад якога Іран не адмовіцца і не пойдзе на кампраміс.
На словы іранскага прадстаўніка адрэагаваў і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. «Вы, напэўна, ужо чулі, што Іран, здаецца, згадзіўся на ўмовы. Я жартую, што яны не будуць ствараць "ядравага пылу". І я хачу, каб у іх усё атрымалася. Але ядравай зброі ў іх быць не мусіць», – падкрэсліў Трамп. Ён таксама выказаў жаданне бачыць Іран «вялікай краінай», але без пагрозы для міжнароднай бяспекі.
Раней, 2 траўня, дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў заявіў, што Іран мусіць не толькі спыніць абагачэнне ўрану, але і адмовіцца ад распрацоўвання ракетаў далёкага радыусу дзеяння. 10 траўня дарадца Белага дому Стыў Ўіткаф падкрэсліў, што ЗША могуць выйсці з перамоваў, калі не будзе прыкметнага прасоўвання.
Раман Шавель belsat.eu