навіны

Візіт у Беларусь вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека мог бы прынесці паляпшэнні – Кавалеўскі

Сцягі перад будынкам Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў
Сцягі перад будынкам Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у Жэневе, Швейцарыя. 3 траўня 2022 года. Фота: Robert Hradil / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Калі б вярхоўны камісар ААН у правах чалавека прыехаў у Беларусь на запрашэнне менскіх уладаў, якое было яшчэ ў лютым, гэта прывяло б да паляпшэння сітуацыі ў краіне, лічыць кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Пра гэта ён распавёў «Белсату» падчас працоўнай паездкі ў ЗША, дзе сустракаўся з прадстаўнікамі ААН. Расказваем пра гэта і іншыя падрабязнасці візіту.

У ААН асаблівае месца ў развязанні праблемаў


Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі разам з заснавальніцай фонду «21 мая» Вольгай Гарбуновай і сузаснавальніцай Аб'яднання сваякоў і былых палітзняволеных Таццянай Хоміч здзейснілі працоўны візіт у Нью-Ёрк 12–13 траўня для кансультацыяў наконт дзейнасці ў рамках ААН.


Падчас візіту адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі місіяў пры ААН Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, ЗША, Люксембургу, Украіны, а таксама дэлегацыі Еўрапейскага Звязу і сакратарыяту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.


На кансультацыях абмяркоўвалі магчымасці вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсіяў, магчымыя дзеянні міжнароднай супольнасці для захавання незалежнасці Беларусі і ўмацавання суверэнітэту нашай краіны, а таксама ўлік інтарэсаў Беларусі ў мірным працэсе ва Украіне.


Валер Кавалеўскі адзначае, што праца ў акрэсленых напрамках працягваецца – цяпер у Вашынгтоне. Ідуць сустрэчы з урадавымі асобамі, экспертнай супольнасцю і медыямі.


«Гэта значная частка нашай дзейнасці – выкарыстанне механізмаў, патэнцыялу міжнародных арганізацыяў, каб прыцягваць увагу да сітуацыі ў Беларусі і вызвалення людзей. У гэтым сэнсе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў мае асаблівае месца. За апошні год вельмі вырасла цікавасць да Беларусі – было шмат дзеянняў і сустрэчаў.

,,

Генеральны сакратар ААН сустракаўся з Лукашэнкам двойчы ў мінулым годзе. Тэмы, якія закраналіся на гэтых сустрэчах, наўпрост закранаюць інтарэсы беларускага грамадства. Гэта вызваленне людзей, рэгіянальная бяспека. Мы, вядома, вітаем такія намаганні з боку ААН», – кажа Валер Кавалеўскі.


Гэтыя намаганні трымаюць фокус на беларускіх справах і падкрэсліваюць ролю краіны ў рэгіёне, а таксама даводзяць да Аляксандра Лукашэнкі і ягонага ўраду, што крызісная сітуацыя павінна выпраўляцца, адзначае суразмоўца.

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

А прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў падчас гэтага візіту прагаворвалі розныя магчымасці прасоўвання тэмы Беларусі менавіта праз механізмы ААН.


«Адна з важных тэмаў, якая выклікае значны інтарэс сярод замежных партнёраў, – запрашэнне з боку Менску вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН Фолькера Турка наведаць Беларусь. Гэта магчымасць для ААН паказаць сваю ўвагу да сітуацыі ў Беларусі, паглядзець, якім чынам гэты візіт можа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі», – працягвае Кавалеўскі.


Ён нагадвае, што запрашэнне было перададзенае Фолькеру Турку міністрам замежных справаў Беларусі Максімам Рыжанковым яшчэ падчас сесіі ў пытанні правоў чалавека Рады ААН у Жэневе ў канцы лютага, але візіту ў Беларусь не было.

Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у Жэневе. Фота: mfa.gov.by
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у Жэневе. Фота: mfa.gov.by

«Нашая група таксама сустрэлася з вярхоўным камісарам праз некалькі дзён пасля таго, як ён атрымаў гэтае запрашэнне. Мы падтрымалі гэтую ідэю, разумеючы, што такі візіт павінен прывесці да паляпшэнняў у нашай краіне. Бо галоўная задача вярхоўнага камісара ў правах чалавека – спрыяць выпраўленню сістэмных хібаў у галіне правоў чалавека. А Беларусь – гэта тая краіна, якая патрабуе асаблівай увагі ў гэтых пытаннях», – дадае Валер Кавалеўскі.


ААН будзе дапамагаць, калі туды грукацца


Суразмоўца адзначае, што ААН – непалітызаваная арганізацыя, то бок не ацэньвае легітымнасці ўлады, таму ў яе асаблівае месца ў развязанні праблемаў у розных краінах.


«Мы спадзяемся, што ААН будзе займаць больш актыўную пазіцыю. У гэтым сэнсе шмат што залежыць ад саміх беларусаў. І ад беларускай дзяржавы таксама: ці глядзяць яны на ААН як на саюзніка ў вырашэнні праблемаў, ці яны проста чакаюць, што хтосьці будзе вырашаць гэтыя праблемы.

,,

Важна сустракацца з прадстаўнікамі ААН. Сама арганізацыя не бярэ сабе ў парадак дня нейкія задачы. З імі павінны прыходзіць ці ўрады, ці грамадзянская супольнасць. Цяпер мы менавіта гэтым займаемся і будзем працягваць дамагацца таго, каб гэтыя крокі былі практычнымі і вялі да вызвалення людзей», – кажа Валер Кавалеўскі.


Але ж калі Аляксандр Лукашэнка не гатовы мяняць сітуацыю, то візіты прадстаўнікоў ААН нават на запрашэнне менскіх уладаў не дапамогуць.

«Сапраўды, вельмі шмат залежыць ад таго, што пачуе Менск: ці пабачаць яны ў гэтым уласную перспектыву, ці пагодзяцца на нейкія дзеянні дзеля таго, каб вызваляць людзей. Няпростая задача», – кажа кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва.


Паводле яго, трэба, каб беларускае грамадства і міжнародная супольнасць дамагаліся, каб у Менску былі ўспрынятыя іх прапановы.


«Трэба праяўляць актыўную дыпламатыю. Напрыклад, Злучаныя Штаты ўжо займаюць такую пазіцыю, што менавіта актыўная дыпламатыя, выкарыстанне наяўных рычагоў уплыву патрэбныя, каб вызваляць людзей. Тут мы вяртаемся да Злучаных Штатаў як да краіны, якая пачала вельмі актыўную размову з Менскам пра тое, як можна вызваляць людзей праз зняцце санкцыяў. Гэта падыход, які нам зразумелы, бо трэба ўлічваць, як памяняўся кантэкст, што спрацавала, ці могуць быць санкцыі выкарыстаныя іншым чынам, каб вызваляць людзей», – працягвае Кавалеўскі.


Ён разлічвае, што міжнародныя партнёры прыслухаюцца да ацэнак, якія паказваюць, што палітыка, якая рэалізоўвалася да гэтага часу, не паказала эфектыўнасці і не дала магчымасці вызваліць людзей ці спыніць рэпрэсіі.

,,

«Трэба думаць пра тое, якія іншыя падыходы можна выкарыстаць у такой складанай сітуацыі для людзей», – кажа Кавалеўскі.


Пры гэтым ён адзначае, што дзеянні афіцыйнага Менску пакуль не моцна спрыяюць паляпшэнню.


«Вельмі часта мы бачым, што ёсць пэўная неадпаведнасць сітуацыі дзеянняў і патылічных рашэнняў, якія прымае Лукашэнка, – пра нармалізацыю адносінаў, пра тое, што трэба наладжваць унутраны дыялог. Ёсць адчуванне, што яны [улады Беларусі. – Заўв. рэд.] не заўсёды рэагуюць на тое акно магчымасцяў, якое цяпер існуе, што яны фактычна губляюць час там, дзе трэба дзейнічаць хутка. Трэба рэагаваць на магчымасці, якія ствараюць міжнародныя партнёры, у тым ліку ААН, каб вырашаць праблемную сітуацыю ў Беларусі і рухацца далей», – падводзіць рысу Валер Кавалеўскі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10