Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Люксембург выступіла на сесіі Камітэту міністраў Рады Еўропы і сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Пра гэта паведамілі ў офісе беларускай палітычнай дзяячкі.
Святлана Ціханоўская ў межах сустрэчаў на высокім палітычным узроўні правяла перамовы з прэзідэнтам ПАРЕ Тэодарасам Русопулёсам. Абмяркоўвалася стратэгічная супраца дэмакратычных сілаў Беларусі з Радай Еўропы, а таксама стварэнне механізму маніторынгу выканання «Люксембургскіх рашэнняў», магчымасць юрыдычнага аналізу праекту Канстытуцыі новай Беларусі і неабходнасць прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў рамках спецыяльнага трыбуналу.
Акрамя таго, Ціханоўская выступіла перад міністрамі ўсіх краінаў Рады Еўропы на сесіі Камітэту міністраў, дзе падкрэсліла важнасць адзінства, падтрымання людзей і смеласці ў абароне дэмакратыі.
«Па-першае: давайце заставацца адзінымі – дзеля каштоўнасцяў, якія мы ўсе падзяляем. Каштоўнасці – вось што робіць Еўропу моцнай. Трэба быць адзінымі па ўсёй Еўропе і па абодва бакі Атлантыкі.
Па-другое: падтрымлівайце людзей. Будуйце масты, а не сцены. Ваенная сіла сама па сабе нічога не значыць без людзей, гатовых абараняць свабоду.
І, па-трэцяе: будзьце смелымі. Будзьце адважнымі. Падтрымайце Украіну. Супрацьдзейнічайце Пуціну. Прыцягніце Лукашэнку да адказнасці. Абараняйце свае дэмакратыі – і дапамажыце тым, хто ўсё яшчэ змагаецца за свае», – звярнулася яна да міністраў.

Таксама Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Люксембургу Ксавіе Бэтэлем. Ён паінфармаваў, што Люксембург далучаецца да міжнароднага гуманітарнага фонду і ўжо вылучыў 250 тыс. еўраў для лячэння і рэабілітацыі палітвязняў ды рэпрэсаваных.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі шляхі падтрымання беларускага народу, еўрапейскую інтэграцыю і адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы. Тэмамі сустрэчы былі таксама шляхі і спосабы вызвалення беларускіх палітвязняў, легалізацыя беларусаў у Люксембурзе, уплыў на беларускія рэаліі прынятых раней «Люксембургскіх рашэнняў», магчымасць прызначэння адмысловага пасланніка ў справе Беларусі.
«Люксембургскія рашэнні» – гэта афіцыйны дакумент ПАРЕ з рэкамендацыямі для нацыянальных парламентаў. У дакуменце можна знайсці палітычныя рэкамендацыі і прапановы наконт пытанняў, што датычаць беларусаў у выгнанні. Напрыклад, пытанні легальнага ўезду і перабывання, пагрозы свабодзе перамяшчэння, адмова ў консульскіх паслугах, доступ да адукацыі, кар'еры і прадпрымальніцтва ў выгнанні, а таксама захаванне і развіццё беларускай культурнай ідэнтычнасці.
Якуб Хруст belsat.eu