Расейскія найміты з прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, якія нясуць службу ў краінах Афрыкі, неўзабаве могуць быць пераведзеныя ў Беларусь. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле звестак каналу, у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР) і Малі вагнэраўцаў разбавілі сіламі адмыслова створанага ў Міністэрстве абароны РФ падраздзялення «Афрыканскі корпус». Да Новага года ў ПВК набіралі наймітаў нават без досведу, а са студзеня 2025 года – толькі тых, хто ўжо заключаў кантракт з кампаніяй.
Вагнэраўцаў з нядаўняга часу ўзначальвае былы спецназавец ГРУ Дзмітрый Падольскі з пазыўным Салем, які займае афіцыйную пасаду дарадцы прэзідэнта ЦАР. Выступаючы 1 траўня ў Расейскім доме ў Бангі (сталіцы ЦАР) у гонар 11-й гадавіны стварэння ПВК Вагнэра, Падольскі заклікаў шанаваць запаветы заснавальнікаў кампаніі Яўгенія Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна, якія, як мяркуецца, былі ўзарваныя Уладзімірам Пуціным пасля спробы мяцяжу ў 2023 годзе.
Канчатковы вывад кантынгенту кампаніі з Афрыкі намечаны на чэрвень-ліпень.
,,«Наймітам на словах абяцаюць базаванне ў Беларусі, але пакуль якіх-небудзь пацверджанняў гэтаму няма», – адзначае «ВЧК-ОГПУ».
Нагадаем, што вагнэраўскія часткі яшчэ застаюцца ў Беларусі, куды іх вывелі ўлетку 2023 года. У прыватнасці, заяўляецца, што ў навучальным цэнтры пад Віцебскам яны рыхтуюць афрыканскіх хаўруснікаў Крамля да вайны дронаў.
Якуб Хруст belsat.eu