навіны

«Невыкананне плану» нараджэння дзяцей і ўзровень «шлюбнасці». Што абмяркоўвалі на дэмаграфічным форуме ў Менску

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін на форуме, прысвечаным дэмаграфіі ў Беларусі. Крыніца: Мінпрацы і сацабароны
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін на форуме, прысвечаным дэмаграфіі ў Беларусі. Крыніца: Мінпрацы і сацабароны
podpis źródła zdjęcia

У Менску 13 траўня адбыўся форум «Сям’я – аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы», дзе чыноўнікі і царква высвятлялі, як зрабіць так, каб беларускі часцей нараджалі.

Арганізавалі важную падзею Мінпрацы і сацабароны, Беларуская праваслаўная царква і дабрачынны фонд «Пакроў». У рамках форуму нават прайшоў круглы стол пад назвай «Рэпрадуктыўнае здароўе сям’і як фактар ​​нацыянальнай бяспекі».


Віцэ-прэмʼер (а раней міністр аховы здароўя) Уладзімір Каранік сказаў, што большасць беларусак не выконваюць плану нараджэння дзяцей. З ягоных словаў, у Беларусі колькасць дзяцей на адную жанчыну меншая за дваіх, а гэта насцярожвае.


«Апытанні паказваюць, што большасць беларусак плануе мець дваіх дзяцей, а гэта фактычна толькі ўзровень узнаўлення. То бок дэмаграфічнага росту мы пры гэтым не бачым. Але пры гэтым нават 30 % усё ж такога плану не выконваюць у поўнай меры – маюць адное дзіця», – кажа Каранік.


Са словаў чыноўніка, гэта адбываецца таму, што «актыўныя, разумныя, прыгожыя жанчыны адкладаюць час узяцця шлюбу», а не таму, што не могуць дазволіць сабе доўга не працаваць і гадаваць у дастатку і дагледжанасці некалькіх дзяцей.


«Яны плануюць дасягнуць нейкіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці, у карʼеры, а нараджэнне дзяцей адкладаюць на потым. І гэта прыводзіць, як у многіх развітых краінах, да таго, што нараджальнасць падае», – кажа ён.


Каб жанчыны часцей нараджалі, Беларусь плануе пашыраць захады падтрымання семʼяў з дзецьмі.


«Таму мы і далей плануем пашыраць захады падтрымання семʼяў, якія выхоўваюць дзяцей. Мы плануем распрацоўваць захады, што дазволяць жанчынам эфектыўней сумяшчаць вучобу, прафесійную дзейнасць, карʼеру з выкананнем матчыных функцыяў», – сказаў ён.


Міністарка працы і сацабароны Наталля Паўлючэнка назвала «тэндэнцыямі, што пагражаюць традыцыйнай сямʼі» павышэнне ўзросту ўзяцця шлюбу (жанчыны – 26,7 года, мужчыны – 28,9 года) і нараджэння першынца (27,6 года), а таксама «зніжэнне ўзроўню шлюбнасці» (5,1 шлюбу на 1000 асобаў).


На форуме выступіў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін: ён паскардзіўся, што разводы звязаныя з тым, што беларусы не ведаюць законаў царквы ды маральнасці.


Відаць, прадстаўнікоў царквы было недастаткова, таму на форум паклікалі прадстаўнікоў Расеі ў асобе намесніцы старшыні Дзярждумы Ганны Кузняцовай, якая прапанавала стварыць мадэльны закон, што дапаможа справіцца з праблемамі дэмаграфіі ў абедзвюх краінах разам.


Нагадаем, у 2016 годзе Беларусь дасягнула свайго «нараджальніцкага піку» – 1,73 дзіцяці на жанчыну, але ўжо ў 2019 годзе каэфіцыент склаў 1,38, а пасля ўлада спыніла публікацыю поўных дэмаграфічных звестак. Паводле экспертаў, з улікам пандэміі, палітычнага крызісу і вайны ва Украіне сукупны каэфіцыент нараджальнасці у 2024–2025 гадах можа быць ніжэйшым за 1,3. Пры гэтым, каб насельніцтва краіны хаця б захоўвалася, трэба, каб кожная жанчына нараджала мінімум 2,1 дзіцяці.


Калі разглядаць узроставыя хвалі, відаць, што цяпер у рэпрадуктыўны ўзрост уваходзіць малалікае пакаленне, народжанае ў крызісных 1990-х. А значыць, нават калі ўсе яны захочуць зрабіцца бацькамі, дэмаграфічны спад не спыніцца. Другая праблема – мужчынская смяротнасць.


Ці можна нешта змяніць? Эксперты кажуць, што можна, але гэта патрабуе не «адзінкавай выплаты пры нараджэнні», а сістэмнага перафарматавання ўсёй сямейнай палітыкі: скарачэння дэкрэтнага адпачынку да разумнага мінімуму, паралельна стварэння якасных ясляў і дзіцячых садкоў для ранняга ўзросту; увядзення гнуткіх формаў занятасці, каб бацькі маглі працаваць часткова і аддалена без страху страціць працу; субсідавання часу, а не толькі грошай – гэта значыць, што дзяржава мусіць падтрымаць тых жанчын, для якіх кар’ера – частка асобы; матывавання мужчынаў да ўдзелу ў выхаванні праз поўнааплатныя бацькавыя дэкрэты, як у Швецыі ці Нарвегіі.


Калі Беларусь працягне ісці цяперашнім шляхам, то да канца стагоддзя насельніцтва краіны можа скараціцца да 4 мільёнаў асобаў.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10