навіны

Для паловы палякаў мігранты раўняюцца росту злачыннасці. Што паказала апытанне?

37 % радыя таму, што мігранты могуць запоўніць працоўныя месцы, дзе палякі не жадаюць працаваць. Фота носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: «More in Common Polska»
37 % радыя таму, што мігранты могуць запоўніць працоўныя месцы, дзе палякі не жадаюць працаваць. Фота носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: «More in Common Polska»
podpis źródła zdjęcia

Арганізацыя «More in Commons Polska» 10–20 сакавіка 2025 года зладзіла ў Польшчы чарговае апытанне сярод палякаў на тэму мігрантаў, у якім паўдзельнічалі 1500 рэспандэнтаў.

Паводле адказаў, больш як палова (53 %) палякаў мяркуюць, што павелічэнне міграцыі ў Польшчу звязанае з ростам злачыннасці, паведамляе польскае выданне «Wprost». З іх 41 % рэспандэнтаў узгадалі пагрозу тэрарызму, а 27 % – перагружанасць дзяржаўных службаў, напрыклад, сістэмы аховы здароўя.


Але рэспандэнты пабачылі і плюсы ў іміграцыі: 40 % узгадалі запаўненне дэфіцыту працаўнікоў у ключавых галінах прамысловасці, а 37 % – запаўненне працоўных месцаў, на якіх палякі не хочуць працаваць. У сваю чаргу, 35 % узгадалі павелічэнне паступленняў у бюджэт, напрыклад, на сацыяльныя выплаты, што ідуць у тым ліку і палякам.


«Узяцце пад кантроль міграцыі ў Польшчу застаецца абсалютным прыярытэтам у галіне міграцыйнай палітыкі для ўсіх сацыяльных групаў нашае краіны. Аднак даследаванні не паказваюць варожасці сярод палякаў да саміх мігрантаў. Мы хочам толькі жорсткай міграцыйнай палітыкі і, нягледзячы на ​​шматлікія асцярогі і дэзынфармацыю, захоўваем агульную чалавечую дабрыню да іх ды цэнім іхны ўнёсак у нашую краіну», – зазначае Адам Трачык, кіраўнічы дырэктар «More in Common Polska».


Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што ў сакавіку 2023 года 36 % палякаў прызналіся, што іх здзіўляе той факт, што ўсё больш людзей з іншых краінаў выбіраюць Польшчу месцам жыхарства. Гэта было найбольш моцнае пачуццё, звязанае з ростам міграцыі ў Польшчу. Паводле апытання ў лістападзе 2024 года, здзіўленне саступіла месца трывозе, выкліканай не ксенафобіяй ці агульнай непрыяззю да мігрантаў, а перш за ўсё тым, што міграцыйныя працэсы выходзяць з-пад кантролю. Неабходнасць атрымання кантролю над міграцыяй у Польшчу застаецца бясспрэчным прыярытэтам у сферы міграцыйнае палітыкі для ўсіх сацыяльных групаў у Польшчы, пра што кажуць 73 %, якія жадаюць значна скараціць міграцыю ў Польшчу.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10