Пасажырскі «Boeing» авіякампаніі «Malaysia Airlines» збілі над Данбасам у ліпені 2014 года. У выніку загінулі 298 чалавек: гэтая адная з дзесяці найбуйнейшых авіякатастрофаў паводле колькасці ахвяраў у гісторыі. Дзве траціны пасажыраў – падданыя Нідэрландаў.
Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) праз 10 гадоў расследаванняў афіцыйна прызнала Расею адказнай за катастрофу рэйсу MH17 Амстэрдам – Куала-Лумпур над Данбасам у 2014 годзе. Пра гэта паведаміла МЗС Нідэрландаў.
«Я задаволены пастановаю Рады ІКАО, у першую чаргу для сваякоў ахвяраў рэйсу MH17. Пастанова не можа пазбавіць іх ад смутку і пакутаў, але гэта важны крок на шляху да дасягнення праўды, справядлівасці і адказнасці для ўсіх ахвяраў рэйсу MH17 і іхных сваякоў. Акрамя таго, гэтая пастанова ёсць выразным сігналам міжнароднай супольнасці пра тое, што дзяржавы не могуць бяскарна парушаць міжнароднае права», – сказаў міністр замежных справаў Нідэрландаў Каспар Вэлдкамп.
На думку Рады ІКАО, Расея сваімі дзеяннямі парушыла Чыкагскую канвенцыю аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, якая ў тым ліку забараняе ўжываць зброю супраць грамадзянскіх паветраных суднаў падчас палёту.
Скаргу на Расею ў ІКАО ў сакавіку 2022 года падалі Аўстралія і Нідэрланды, чые грамадзяне складалі большасць загінулых у авіякатастрофе. У чэрвені 2024 года Расея абвясціла, што спыняе ўдзел у разглядзе скаргі, бо не прызнае кампетэнцыі ІКАО.
Міжнародная следчая група прыйшла да высновы, што самалёт быў збіты прарасейскімі сепаратыстамі з ЗРК «Бук», незадоўга да гэтага ўвезенага з Расеі. Адразу пасля катастрофы расейскія медыі справаздачыліся пра нібыта збіты самалёт Збройных сілаў Украіны. Калі высветлілася, што быў знішчаны пасажырскі самалёт, крамлёўскія прапагандысты выдалі шмат фэйкавых версіяў у спробе абвінаваціць у катастрофе Украіну. Паводле адной з іх, «Boing 777» нібыта мог быць збіты ўкраінскім знішчальнікам Су-25 ці нават «эксперыментальным апаратам ЗША». Аднак да сённяшняга дня ні Расея, ні самаабвешчаная ДНР так і не паказалі свету абломкаў украінскага вайсковага самалёта, які нібыта збіў «Боінг».
Суд у Нідэрландах у лістападзе 2022 года завочна прысудзіў да пажыццёвага зняволення былога міністра абароны самаабвешчанай ДНР Ігара Стралкова і яшчэ двух чалавек паводле абвінавачання ў наўмысным знішчэнні самалёта і наўмысным забойстве.
Найбліжэйшымі тыднямі Рада ІКАО вызначыць, якім чынам Расея павінна кампенсаваць шкоду.
Тэса Анэйда belsat.eu