навіны

Зянковіч анансаваў аўкцыён з цукеркамі ад Лукашэнкі і расказаў пра стан Фядуты

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч у Менску напярэдадні выезду ў ЗША. Скрыншот: ОНТ
podpis źródła zdjęcia

Былы палітзняволены і фігурант «справы змоўцаў» Юрась Зянковіч распавёў пра свае планы і што яму вядома пра тое, чаму Аляксандр Фядута дасюль не на волі. Ён таксама анансаваў продаж на аўкцыёне цукерак, што атрымаў нібыта ад Аляксандра Лукашэнкі. Грошы абяцае перадаць на дапамогу палітвязням. Гэтым ён падзяліўся на прэс-канферэнцыі 12 траўня.

Юрась Зянковіч паведаміў, што і далей будзе займацца беларускай справаю, а менавіта хацеў бы засяродзіцца на дапамозе тым, хто незаконна ўтрымліваецца за кратамі ў Беларусі.


«Беларусь была і застаецца ў маім сэрцы. Я застаюся грамадзянінам Беларусі, буду спрабаваць рабіць тое, што ад мяне залежыць. Я хацеў бы сканцэнтравацца на вызваленні людзей, якія несправядліва асуджаныя ці ўтрымліваюцца пад вартаю», – кажа Юрась Зянковіч.


Ён нават анансаваў адну з ініцыятываў у падтрыманні палітвязняў – паказаў каробку з гербам Беларусі, дзе, паводле ягоных словаў, набор цукерак асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.


«Я прывёз іх з Беларусі. Я хачу звярнуцца да беларускіх праваабаронцаў, каб яны дапамаглі мне арганізаваць аўкцыён. Грошы ад продажу гэтых цукерак я хачу ахвяраваць на дапамогу палітвязням», – сказаў Зянковіч.

Юрась Зянковіч з каробкай цукерак ад Аляксандра Лукашэнкі. Скрыншот: Белсат
Юрась Зянковіч з каробкай цукерак ад Аляксандра Лукашэнкі. Скрыншот: Белсат

Ён адзначыў, што цукеркі яму асабіста Лукашэнка не даваў, але ён не будзе раскрываць, як атрымаў іх.


Што датычыць аднаго з ягоных паплечнікаў у «справе змоўцаў», палітвязня Аляксандра Фядуты, то Зянковіч кажа, што ведае, што той моцна хворы.

,,

«Чаму ён не на волі, мне цяжка сказаць. Я сустракаўся з чалавекам, які быў з Аляксандрам Іосіфавічам у адным атрадзе. І Аляксандр Іосіфавіч адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыць гэта бессэнсоўным. Як было агучана Аляксандрам Іосіфавічам: "Я буду смяяцца, калі я буду гэта пісаць, а ён будзе смяяцца, калі будзе гэта чытаць"», – працягвае Зянковіч.


Ён апавёў, што пасля вызвалення паспеў пагутарыць з яшчэ адным фігурантам «справы змоўцаў» псіхіятрам Дзмітрыем Шчыгельскім. У зняволенні Зянковіч адзначаў, што Шчыгельскі – адзін з асноўных удзельнікаў у рыхтаванні перавароту ў Беларусі.


«Ён не мае да мяне ніякіх прэтэнзіяў, рады майму вызваленню. Ён вельмі перажываў за мяне і адчуваў сябе няёмка – гэта ў тым ліку маральная адказнасць. Што датычыць маіх паказанняў на Шчыгельскага, усё, што гаварылася ў КДБ, – гэта было загадзя абгаворанае, бо, канешне, мы пралічвалі такі варыянт, што можам быць арыштаваныя. І ў нас былі дамоўленасці. Зміцер канкрэтна сказаў: "Калі што здарыцца, валі на мяне, гэта абсалютна нармальна"», – дадаў ён.

Юрась Зянковіч у прапагандысцкім фільме. Фота: скрыншот з відэа Беларусь-1
«КДБ адкормліваў мяне за кошт іншых вязняў». Чатыры пытанні да Юрася Зянковіча пасля вызвалення навіны

Паводле Зянковіча, ён меў кантакты і з іншымі беларускімі палітыкамі пасля свайго ад’езду з Беларусі.


«Тэлефанавалі мне ўжо дзясяткі людзей, у тым ліку са штабу Ціханоўскай тэлефанаваў спадар Франак Вячорка. Я з усімі размаўляю, спрабую разабрацца ў сітуацыі, што адбываецца», – дадаў ён.


Што датычыць вызвалення Зянковіча, то, паводле яго, кіраўнік КДБ Іван Церцель сказаў яму тое ж, што паведамляў публічна.


«Спадар Церцель агучыў і мне, што было вельмі сур'ёзнае абмеркаванне, што на Радзе бяспекі былі розныя меркаванні і нібыта асабіста Аляксандр Лукашэнка настаяў на тым, каб я быў вызвалены. Не ведаю, ці варта давяраць гэтым словам. Можа быць, тут праўда, можа, частковая праўда. Са словаў амерыканскіх дыпламатаў я ведаю, што Лукашэнка назваў мяне Усамам бін Ладэнам [былым кіраўніком тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Каіды] і прапанаваў забраць мяне. Не ведаю, ці была гэтая ініцыятыва Лукашэнкі, ці ён быў вымушаны мяне выпусціць. Тым больш, я ведаю, што амерыканскай дэлегацыі замест мяне прапаноўвалі забраць Антона Роса. Але амерыканцы сказалі, што Антон Рос не прызнаны ў ЗША асобаю, якая ўтрымліваецца незаконна», – расказвае Зянковіч.

Юрась Зянковіч звяртаецца да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Фота: скрыншот з відэа «Беларусь-1»
Эйсмант: Зянковіч вызвалены на просьбу Адміністрацыі прэзідэнта ЗША навіны

Ён дадаў, што яго спрабавалі вербаваць беларускія спецслужбы, а таксама яшчэ ў 2010-я гады спецслужбы ЗША, але ўсім заўсёды ён казаў «не».


Амерыканскі юрыст Юрась Зянковіч быў арыштаваны ў Маскве ў 2021 годзе паводле абвінавачвання ў замаху на Лукашэнку і дастаўлены ў Менск. Яго пакаралі ў межах «справы змоўцаў» і паводле шэрагу крымінальных артыкулаў 11 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. У судзе Фядуту, Кастусёва і Зянковіча назвалі вінаватымі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.


КДБ заявіў, што нібыта перадухіліў замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб «раскрыцці дзяржаўнага перавароту».


Зянковіч быў вызвалены 30 красавіка. Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў паведаміў, што «Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША».


belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10