Уладзімір Пуцін адмовіўся ад 30-дзённага замірэння і прапанаваў Кіеву наўпроставыя перамовы. Уладзімір Зяленскі заявіў, што спачатку мусіць спыніцца агонь, а ўжо потым можна размаўляць, і адначасова паабяцаў прыехаць у Турцыю для асабістай сустрэчы з Пуціным. «The Washington Post» назвала такі крок украінскага прэзідэнта выклікам расейскаму палітыку.
10 траўня ў Кіеве еўрапейскія лідары ўзгаднілі з прэзідэнтам Украіны мірны план, што прадугледжваў безумоўнае спыненне агню з панядзелка, 12 траўня, і пасля гэтага – пачатак перамоваў. Як адзначалася, падчас саміту канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паразмаўлялі праз тэлефон з амерыканскім прэзідэнтам Доналдам Трампам, і той падтрымаў формулу «спачатку замірэнне, потым перамовы».
У ноч на нядзелю Уладзімір Пуцін фактычна адмовіўся ад спынення агню, а замест гэтага прапанаваў пачаць наўпроставыя перамовы з Кіевам – 15 траўня ў Стамбуле.
Зяленскі ў адказ заявіў, што «Украіна гатовая сустракацца» пасля «поўнага, працяглага і надзейнага» спынення агню.
На пытанне «Белсату», ці пагодзіцца Кіеў на перамовы пад абстрэламі, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адказаў, што ўсё залежыць ад Трампа. І той адрэагаваў даволі хутка.
«Пуцін не хоча падпісваць пагаднення аб спыненні агню з Украінаю, а хоча сустрэцца ў чацвер у Турцыі, каб дамовіцца пра магчымае спыненне крывавай бойні. Украіна мусіць пагадзіцца на гэта, НЕАДКЛАДНА», – напісаў прэзідэнт ЗША ў сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Прэзідэнт Доналд Трамп падтрымаў заклік прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да наўпроставых перамоваў з Украінаю, парушыўшы дамоўленасці з еўрапейскімі лідарамі. Гэта падарвала намаганні Еўропы і Украіны ў стварэнні адзінага фронту супраць Расеі», – напісала выданне «The Washington Post» пра ўчынак Трампа, які спачатку падтрымаў ультыматум Маскве наконт часовага замірэння, а праз 12 гадзінаў запатрабаваў ад Кіева ісці на перамовы і без спынення агню.
Прагноз Фрыдмана спраўдзіўся: пасля закліку Трампа Зяленскі заявіў, што асабіста прыедзе ў Турцыю на перамовы. Прэзідэнт Украіны пры гэтым запрасіў у Стамбул і Пуціна:
«У нас ва Украіне няма ніякай праблемы весці перамовы – мы гатовыя да любых фарматаў. Я буду ў гэты чацвер, 15 траўня, у Турцыі – і чакаю Пуціна ў Турцыі. Асабіста. І спадзяюся, што Пуцін гэтым разам не будзе шукаць прычынаў, чаму ён нешта не можа. Мы гатовыя размаўляць, каб скончыць вайну».
«The Washington Post» назвала такі крок украінскага прэзідэнта выклікам:
«Пагаджаючыся на сустрэчу з Пуціным, Зяленскі кідае яму выклік».
Зрэшты, ці будзе плённаю сустрэча ў Турцыі, спрагназаваць цяжка. Журналіст Віталь Портнікаў у каментары «Белсату» адзначыў, што «няма ніякага сэнсу» ў перамовах падчас баявых дзеянняў:
,,«Калі будзе спынены агонь на расейска-ўкраінскім фронце, гэта будзе іншая рэальнасць, і пасля спынення агню мы можам пра нешта размаўляць. Калі перамовы працягваюцца на фоне вайсковых дзеянняў, гэта азначае, што Расея проста выкарыстоўвае перамоўны працэс для працягу спробаў знішчыць украінскую дзяржаўнасць».
Паводле Портнікава, Пуцін прапанаваў перамовы ў Турцыі толькі дзеля таго, каб паказаць «канструктыўнасць»:
«Пуціну важна праводзіць перамовы на фоне працягу баявых дзеянняў, і яму важна ўтрымаць прэзідэнта ЗША ў перамоўным працэсе. Пасля таго, як еўрапейскія лідары і прэзідэнт Украіны прапанавалі замірэнне з 12 траўня, Пуцін выдатна разумее, што ён мусіць дэманстраваць канструктыўнасць, але так, каб вайну не спыняць».
Віталь Бабін, Сцяпан Кубік belsat.eu