Лідары Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Польшчы заклікалі Расею да 30-дзённага перамір’я і абяцалі павялічыць падтрыманне Украіны. Расея абяцала «падумаць».
Кіраўнікі Францыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі апублікавалі супольную заяву з заклікам да Расеі пачаць поўнае і безумоўнае замірэнне ў вайне супраць Украіны працягласцю як мінімум 30 дзён. Дакумент з’явіўся перад візітам палітыкаў у Кіеў 10 траўня і быў першым агучаным патрабаваннем такога фармату з боку еўрапейскіх саюзнікаў Украіны.
Падчас сустрэчы ў Кіеве «кааліцыя ахвочых» прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэм’ер-міністры Польшчы Дональд Туск і Вялікай Брытаніі Кір Стармэр далучыліся да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на прэс-канферэнцыі, дзе агучылі асноўны вынік перамоваў: патрабаванне да Расеі неадкладна спыніць агонь з 12 траўня не менш як на месяц.
,,«Мы разам патрабуем гэтага ад Расеі. Мы ведаем, што нас у гэтым падтрымліваюць Злучаныя Штаты. Спроба выставіць любыя ўмовы ёсць сведчаннем намеру зацягнуць вайну і сарваць дыпламатыю», – падкрэсліў Зяленскі.
Па выніках перамоваў у Кіеве ўсе пяць лідараў правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Пра гэта паведаміў міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга. Паводле яго, размова была прысвечаная каардынацыі мірных высілкаў і захаванню агульнай пазіцыі.
«Украіна і ўсе яе саюзнікі гатовыя да поўнага і безумоўнага спынення агню на сушы, у паветры і на моры – як мінімум на 30 дзён, пачынаючы ўжо з панядзелка», – адзначыў Сыбіга.
Калі Расея пагодзіцца з умовамі і будзе наладжаны эфектыўны міжнародны маніторынг, гэта можа быць пачаткам пераходу да рэальных мірных перамоваў і захадаў даверу, дадаў украінскі міністр.
У Маскве на прапанову адрэагавалі стрымана. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у каментары CNN заявіў, што ініцыятыва будзе разгледжаная: «Мы павінны падумаць пра гэта. Гэта новы паварот падзеяў. У нас ёсць свая пазіцыя».
Пры гэтым Пяскоў падкрэсліў, што спроба ціску на Расею праз санкцыі або ўльтыматумы не прынясе плёну: «Мы адкрытыя да дыялогу, гатовыя шукаць шляхі ўрэгулявання ва Украіне. Мы цэнім пасярэдніцкія намаганні адміністрацыі Доналда Трампа. Але спрабаваць ціснуць на нас – марная справа».
Раман Шавель belsat.eu