Беларуская прапаганда хваліцца выпадкамі, калі сілавікам удалося «даставіць» у Беларусь двух беларускіх грамадзянаў, адзін з якіх Васіль Грачыха, звязаны з палком Каліноўскага, другі – актывіст Павел Бялюцін, які нядаўна прапаў у Варшаве. «Белсат» пацікавіўся ў намесніка кіраўніцы АПКБ і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, якім чынам магла быць ажыццёўленая такая «дастаўка» і што рабіць беларускім актывістам за мяжой, каб не трапіць у такую ж сітуацыю.
Паводле Паўла Латушкі, беларускія спецслужбы могуць выкарыстоўваць розныя спосабы. Гэта могуць быць афіцыйныя звароты да тых краін, дзе знаходзяцца грамадзяне Беларусі, з просьбай аб выдачы і прымяненні двухбаковых пагадненняў. Таксама для гэтых мэтаў можа выкарыстоўвацца запыт праз Інтэрпол. Акрамя таго, можа выкарыстоўвацца такі інструмент, як дэпартацыя. Менавіта такі выпадак адбыўся з Васілём Верамейчыкам, калі ва В’етнаме, дзе ён знаходзіўся, была справакаваная бойка, што стала падставай для затрымання, а пазней і дэпартацыі ў Беларусь і перадачы яго ў рукі КДБ Беларусі.
Што да выпадкаў з Грачыхам і Бялюціным, то ў гэтых выпадках, адзначае палітык, мы не ведаем падрабязнасцяў.
,,«Гэта можа быць элементам прапагандысцкай гульні з боку спецслужбаў Лукашэнкі. Гэта можа быць і ў нейкай ступені рэальнымі дзеяннямі, накіраванымі на тое, каб затрымліваць актывістаў, дэматываваць дэмакратычныя інстытуты, структуры, ініцыятывы працягваць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі, дэмаралізаваць іх, стварыць напружанне, небяспеку. Але мы таксама і разумеем, што небяспека існуе. Яна абсалютна рэальная і ажыццяўляецца праз актывізацыю дзеянняў спецслужбаў як рэжыму Лукашэнкі, так і Расейскай Федэрацыі – на тэрыторыі тых краін, дзе знаходзяцца беларусы», – кажа Латушка.
Сведчаннем з’яўляюцца і акты дыверсіі, сабатажу, а таксама пагрозы і шантаж, якія ажыццяўляюцца ў бок прадстаўнікоў дэмакратычных інстытутаў рэжым Лукашэнкі, адзначае палітык.
На думку Латушкі, сітуацыі з двума апошнімі затрыманнямі КДБ выкарыстоўвае ў прапагандысцкіх мэтах, каб даць сігнал беларусам унутры і беларусам перадусім у замежжы.
«І пра гэта і кажа гэты Бычак, кіраўнік следчага ўпраўлення КДБ Беларусі, што мы гатовыя знайсці і пакараць кожнага – так, як гэта рабілася ў часы НКУС у 30-я гады. Гэта такая прапагандысцкая пагроза. Але гэта не зменшае рызыкі. Рызыкі існуюць. Яны рэальныя. Яны відавочныя. Таму тут трэба прымаць адпаведныя захады, каб не трапіць у пастку рэжыму», – заўважыў суразмоўца.
Латушка звярнуў увагу на тое, што юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення раяць кожнаму акрэсліць для сябе і дакладна ўсталяваць пералік краін, у якія бяспечна выязджаць.
,,«Гэта перадусім краіны – члены Еўрапейскага звязу. Нават я тут бы зрабіў зноску на некалькі краін ЕЗ, дзе, можа, лепш было б асцярожна наведваць. Але ўсё ж такі гэта абсалютная большасць краін ЕЗ. Гэта ЗША, гэта Канада, Аўстралія – гэта абмежаваны пералік краін, якія можна бяспечна наведваць», – кажа кіраўнік НАУ.
Акрамя таго, палітык звярнуў увагу на тое, што важна займацца пытаннямі міжнароднай абароны, бо яна дае вельмі высокі ўзровень гарантый таго, што вас не выдадуць з той краіны, дзе вы знаходзіцеся. І нарэшце Латушка назваў трэці, апошні фактар, які дапаможа застрахаваць сябе: гэта самабяспека.
«Трэба кантраляваць вашы кантакты, не інфармаваць загадзя, куды вы плануеце ехаць і якую краіну наведваць, каб займацца элементарнымі захадамі самабяспекі», – рэзюмаваў Павел Латушка.
Нагадаем, што 5 сакавіка дзяржпрапаганда паведаміла, што КДБ арыштаваў Паўла Бялюціна, які атрымаў статус уцекача ў Літве і быў асуджаны ў Беларусі паводле некалькіх палітычных артыкулаў. Як менавіта Бялюцін трапіў у Беларусь, невядома. Яго паказалі ў адным прапагандысцкім фільме з іншым затрыманым – каліноўцам Васілём Грачыхам.
Раман Шавель belsat.eu