Канфлікт паміж дзвюма ядравымі дзяржавамі – Пакістанам і Індыяй – набірае абароты і працягвае абвастрацца. Пакістанскія ўлады абвясцілі пра пачатак уласнай вайсковай аперацыі. З пачатку гэтага этапу канфлікту загінулі ўжо каля 50 асобаў.
Раніцай 10 траўня ўрад Пакістану абвясціў пра пачатак маштабнай вайсковай аперацыі «Трывалая сцяна» супраць Індыі, назваўшы яе «адказам на агрэсію». Гэта адбылося праз гадзіну пасля таго, як афіцыйны прадстаўнік арміі Пакістану, генерал Ахмад Шарыф Чаўдры абвінаваціў Індыю ў ракетнай атацы на тры пакістанскія авіябазы, у тым ліку Нур-Хан за 10 км ад сталіцы Ісламабаду, што служыць штаб-кватэраю вайсковага камандавання краіны, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Генерал паабяцаў хуткі адказ на «агрэсію» ў межах «самаабароны», дадаўшы, што большую частку індыйскіх ракетаў перахапілі сродкі паветранай абароны і аб'екты ВПС Пакістану не пацярпелі.
Неўзабаве афіцыйны канал пакістанскай арміі заявіў пра знішчэнне складу звышгукавых ракетаў «BrahMos» у Бэасе, якія вырабляе супольнае індыйска-расейскае прадпрыемства, а таксама пра ўдары па індыйскіх авіябазах Удгампур у індыйскай частцы Кашміру і Патханкот у штаце Пэнджаб. Агулам заяўляецца, што былі ўражаныя 25 вайсковых цэляў у Індыі, у тым ліку сістэма С-400.
Міністр замежных справаў Індыі Вікрам Місры і падпалкоўнік авіяцыі ВПС Індыі В’ёміка Сінг заявілі, што пакістанскія ўдары не нашкодзілі вайсковай інфраструктуры. Яна назвала паведамленні пакістанскіх вайскоўцаў «працяглаю зламыснаю кампаніяй дэзынфармацыі».
Улады Індыі таксама зрабілі заяву аб гатовасці адказаць на новыя атакі:
,,«Несправакаваныя пакістанскія атакі беспілотнікаў і ракетаў на Індыю выклікаюць рашучы ваенны адказ. Нягледзячы на эскалацыю, ВПС Індыі запэўніваюць бяспеку насельніцтва, нейтралізуючы пагрозы».
Індыйскія вайскоўцы таксама паведамілі пра ўдары беспілотнікаў уздоўж мяжы і ліквідацыю некалькіх з іх у небе над Амрытсарам у памежным штаце Пэнджаб.
Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў увечары 9 траўня стэлефанаваўся з камандуючым арміі Пакістану, генералам Асімам Мунірам і заклікаў Пакістан ды Індыю знайсці шляхі да дээскалацыі. Ён таксама прапанаваў дапамогу ЗША ў запуску канструктыўных перамоваў, якія дазволяць пазбегчы развіцця канфлікту ў будучыні.
Пасля гэтага міністр замежных справаў Пакістану заявіў мясцоваму тэлебачанню, што, калі Індыя спыніць эскалацыю, то «мы разгледзім магчымасць спыніцца тут». У сваю чаргу міністр абароны Пакістану Хаўаджа Асіф зняпраўдзіў звесткі пра пасяджэнне Нацыянальнага камандавання, вышэйшага вайсковага і цывільнага органу, што кантралюе ядравы арсенал краіны, паведамляе «Reuters».
Цяперашняе абвастрэнне звязанае з тэрактам 23 красавіка ў Пагальгаме ў Гімалаях, што ў падкантрольнай Індыі частцы Кашміру. Там узброеныя людзі расстралялі групу турыстаў: 26 чалавек загінулі і яшчэ 17 атрымалі раненні. Нападнікам удалося ўцячы, а тэракт стаўся найбуйнейшым за апошнія гады. Індыя абвінаваціла ў ім пакістанскі бок.
6 траўня Індыя распачала аперацыю «Сіндур», атакаваўшы спрэчныя пакістанскія тэрыторыі Джаму і Кашмір. Пакістан у адказ нанёс удары з паветра і зямлі.
Гэта самае жорсткае ўзброенае сутыкненне дзвюх краінаў, якія валодаюць ядраваю зброяй, за апошнія тры дзесяцігоддзі. Паводле папярэдняй ацэнкі, прынамсі 48 чалавек загінулі.
Якуб Хруст belsat.eu