навіны

Расея пасля пачатку замірэння абстраляла Сумшчыну. Адна асоба загінула

Расея абстраляла Сумскі раён
Уначы і раніцай 8 траўня, пасля пачатку абвешчанага Уладзімірам Пуціным замірэння, расейскія войскі абстралялі Сумскі раён. Фота: ДСНС Украіны
podpis źródła zdjęcia

Уначы і раніцай 8 траўня, пасля пачатку абвешчанага Уладзімірам Пуціным замірэння, расейскія войскі атакавалі Сумскі раён. У выніку авіяабстрэлу загінуў адзін чалавек.

Ранішні ўдар быў нанесены па жылым сектары на тэрыторыі Белапольскай грамады. Адзін жылы дом быў цалкам зруйнаваны. Пашкоджаныя тры жылыя дамы і сем гаспадарчых пабудоваў. З-пад завалаў была ўратаваная жанчына.


У Сумскім раёне ў выніку начнога абстрэлу пачаліся пажары ў трох жылых дамах. Паведамляецца, што адна цывільная асоба загінула.


Украінская СПА не зафіксавала выкарыстання расейцамі ракетаў і беспілотнікаў уначы 8 траўня.

,,

«Цягам бягучых содняў 8 траўня станам на 8:00 у паветранай прасторы Украіны ракетных удараў і выкарыстання ўдарных БПЛА не зафіксавана. Разам з тым цягам ночы вораг актывізаваў удары тактычнай авіяцыяй з выкарыстаннем кіраваных бомбаў па Сумшчыне», – паведаміла камандаванне Паветраных сілаў Украіны.


4 траўня 2025 года Расея нанесла ўдар кіраванымі авіябомбамі па Арэхаве. Фота: ДСНС Украіны ў Запарожскай вобласці
Зяленскі: Расейцы просяць цішыні на 9 траўня, а самі б’юць кожны дзень па Украіне Вайна

Позна ўвечары 7 траўня, а 22:50 мясцовага часу, расейскія войскі скінулі авіябомбу на шматпавярховік у горадзе Касцянтынаўка ў Данецкай вобласці – у выніку пацярпелі 12 асобаў. З іх трое мужчынаў і адна жанчына – у цяжкім стане ў лякарні з мінна-выбуховымі траўмамі, аскепкавымі раненнямі, ушыбамі і пераахалоджаннямі.


Уначы 8 траўня, роўна а 00:00, распачало дзеяць абвешчанае Пуціным замірэнне, якое мусіць працягнуцца да 00:00 11 траўня.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў ідэю Пуціна наконт замірэння «тэатральнай пастаноўкай». Украінскі лідар настойвае на 30-дзённым спыненні агню, прапанаваным раней ЗША.


«Расейцы просяць цішыні на 9 траўня, а самі б'юць кожны дзень па Украіне. Гэта цынізм найвышэйшага ўзроўню […] Трэба рэальнае спыненне агню. Украіна гатовая да цішыні з любога дня, але не менш за месяц, каб пакласці канец вайне. Калі цішыня, то кожны дзень, калі спыненне агню, то не ў іхныя святы, а на кожны дзень», – паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.


9 траўня Пуцін праводзіць у Маскве вайсковы парад, куды запрасіў прадстаўнікоў краінаў, што падтрымліваюць агрэсію Расеі. Зяленскі звязвае ідэю замірэння менавіта з гэтым і жаданнем Пуціна стварыць прыгожую карцінку і бяспечную атмасферу для ўдзельнікаў параду.


Аднак з улікам таго, што падчас «велікоднага замірэння» абстрэлы Украіны Расеяй працягнуліся, Зяленскі адхіліў прапанову чарговага замірэння на тры дні:

,,

«Нашая пазіцыя вельмі простая адносна ўсіх краінаў, што ехалі ці едуць на 9 траўня: мы не можам несці адказнасць за тое, што адбываецца на тэрыторыі РФ. Яны гарантуюць вам бяспеку – і таму гарантыяў ніякіх даваць мы не будзем».


Мінулым разам Уладзімір Пуцін выступіў ініцыятарам замірэння на Вялікдзень 20 красавіка. Аднак фактычна яго не было – абстрэлы па Украіне працягваліся. Паводле Уладзіміра Зяленскага, колькасць парушэнняў расейскім войскам абяцання цішыні склала 2935. А ўкраінскія вайскоўцы паведамлялі, што на зямлі расейскія войскі выкарыстоўваюць замірэнне, каб расчысціць дарогу для будучых наступаў.


Мінабароны Расеі абвінавачвала Украіну ў тым, што гэта тая зрывала велікоднае замірэнне.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10