Увечары 7 траўня, каля 18:40, малады мужчына з сякерай уварваўся на тэрыторыю Варшаўскага ўніверсітэту ў цэнтры гораду і напаў на людзей, паведамляе PAP. Ён жорстка забіў працаўніцу. Ахоўнік, які спрабаваў яе абараніць, у шпіталі ў цяжкім стане. Нападніка затрымалі.
У выніку нападу загінула 60-гадовая вартаўніца аднаго з карпусоў універсітэту. Медыі паведамляюць, што жанчына была забітая асабліва жорсткім чынам. Ахоўнік, які паспрабаваў умяшацца, атрымаў траўмы рук і галавы і мае цяпер крытычны стан.
Падчас нападу на тэрыторыі ўніверсітэту быў міністр юстыцыі Польшчы Адам Боднар.
Нападнік быў адразу затрыманы. Ім аказаўся 22-гадовы грамадзянін Польшчы, жыхар Варшавы (паводле неафіцыйнай інфармацыі, паходзіць з Гдыні). Матывы ягонага ўчынку пакуль невядомыя. Падчас затрымання мужчына не ўчыняў супраціву. Распачатае следства.
Рэктар універсітэту абвясціў чацвер 8 траўня днём жалобы. Заняткі адмененыя.
Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі напісаў на сваёй старонцы ў Х, што гэты «брутальны напад мусіць быць жорстка пакараны».
Марыя Міхалевіч belsat.eu