Аналітыка

План амбітны, але эфектыўнасць яго сумнеўная. Урад Беларусі прадставіў праграму на пяцігодку

Людзі пераходзяць дарогу на Нямізе ў Менску, Беларусь. 14 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Людзі пераходзяць дарогу на Нямізе ў Менску, Беларусь. 14 траўня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларускія чыноўнікі падзяліліся праграмай сваіх дзеянняў на наступныя пяць гадоў. Дакумент, заснаваны на перадвыбарчых і інаўгурацыйных абяцаннях Аляксандра Лукашэнкі, абяцае ўладкаваць мноства стратэгічных справаў. Але тое, як гэта будзе рабіцца, пакідае сумневы ў жыццяздольнасці такіх захадаў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі 7 траўня ўхвалілі праграму дзейнасці ўраду на 2025–2029 гады. Дакумент, які прадставіў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, падрыхтаваны згодна з перадвыбарнай праграмай Аляксандра Лукашэнкі, ягонымі даручэннямі ўраду і інаўгурацыйнай прамовай. Акрамя таго, улічваліся вынікі афіцыйнага сацыялагічнага даследавання чаканняў беларусаў.

,,

«Фактычна, падрыхтаваная праграма – гэта дарожная мапа рэалізацыі ключавых прыярытэтаў і задачаў новай пяцігодкі, што вызначае стварэнне рэгулятарнага асяроддзя для развіцця эканамічнай і сацыяльнай сфераў. Нам трэба будзе прыняць прынамсі дзевяць законаў і ўнесці змены ў дзесяць кодэксаў Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў ён.


Людзі на вуліцы Менску. Ілюстрацыйны здымак. Фота: 1prof.by
«На які тэрмін вы можаце ўявіць будучыню?» Сацыёлаг пра «маштабнае» апытанне беларусаў Аналітыка

Турчын адзначыў, што рыхтаванне праграмы заснаванае «на фундаментальных прынцыпах эканоміі рэсурсаў і іх эфектыўнага выкарыстання; сістэмнасці, аператыўнасці і празрыстасці прыняцця пастановаў; ініцыятывы і асабістай адказнасці чальцоў ураду». Галоўнымі мэтавымі арыенцірамі дзеянняў ураду ён назваў павышэнне дабрабыту і дасягненне высокіх стандартаў жыцця насельніцтва краіны.

«Прадугледжаныя алічбаваныя індыкатары ключавых параметраў, замацаваныя канкрэтныя чальцы ўраду, адказныя за выкананне. Усе запланаваныя задачы збалансаваныя паводле крыніцаў», – сказаў прэм’ер.

Тры блокі праграмы

Праграма ўключае тры блокі захадаў – інстытуцыйныя, звязаныя з рэалізацыяй прыярытэтаў пяцігодкі і галіновыя. Інстытуцыйныя захады, заявіў першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун, уключаюць тое, што «яшчэ варта палепшыць у эканоміцы, развязваюць пытанні сістэмнага характару для рэалізацыі галоўнай мэты дзяржаўнай палітыкі – павышэння дабрабыту насельніцтва і росту якасці жыцця».

Сцягі Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 7 верасня 2021 года. Фота: Белсат
Сцягі Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 7 верасня 2021 года. Фота: Белсат

Другі блок датычыць таго, як будуць выконвацца мэтавыя арыенціры будучай пяцігодкі. Гэтак, плануецца актыўна развіваць сістэму арэнднага жытла, перадусім у рэгіёнах – за пяць гадоў плануецца пабудаваць да пяці мільёнаў квадратных метраў такога жытла. Таксама прапануецца пабудаваць і рэканструяваць больш як 650 абʼектаў інфраструктуры з агульным абʼёмам фінансавання больш як Br 20 млрд. Сярод іх – 34 больніцы, 23 дзіцячыя садкі, 27 школаў, 22 аздараўленчыя комплексы. Таксама прэм’ер паабяцаў пабудаваць і адрамантаваць больш як 24,5 тыс. км дарог з абʼёмам інвестыцыяў каля Br 13 млрд, стварыць хуткасныя дарожныя звязкі аграгарадок – райцэнтр – абласны цэнтр.

,,

«Напрыклад, час у шляху ад Менску да любога горада-спадарожніка будзе займаць да паўгадзіны, ад населеных пунктаў да абласнога цэнтру – гадзіну-паўтары», – падкрэсліў Турчын.


Блок галіновых захадаў прадугледжвае тое, чым будуць займацца канкрэтныя галіны, вызначана, што «кожны міністр мусіць вырашаць некалькі стратэгічных задачаў», сказаў Картун.

Турчын адзначыў, што галоўная мэта праграмы дзейнасці ўраду – забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і збалансаваны эканамічны рост.

Разагнаць інфраструктурай ВУП

Настасся Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, у каментары «Белсату» адзначыла, што мяркуючы з заяваў чыноўнікаў, асноўны ўпор у эканамічным развіцці плануецца рабіць на інвестыцыі. Гэта вынікае з заяваў пра нарошчванне абʼёмаў будаўніцтва арэнднага жытла, фінансаванне інфраструктурных праектаў і паляпшэнне якасці дарог. Менавіта за кошт гэтай інвестыцыйнай актыўнасці і плануецца забяспечыць эканамічны рост.

,,

«Інфраструктурныя праекты – гэта не абавязкова высокапрыбытковыя нейкія рэчы. Але тыя, якія могуць стымуляваць рост ВУП, што і ёсць адным з прыярытэтаў ураду Беларусі», – падкрэсліла Лузгіна.


Праўда, рэалістычнасць гэтых планаў ацаніць складана, дадала эканамістка. На ейную думку, гэтыя праекты будуць рэалізоўвацца перадусім з дапамогай унутраных інвестыцыяў, бо іншых фінансавых крыніцаў у Беларусі, акрамя Расеі, фактычна не засталося. А зацікаўленасць РФ у такіх праектах таксама пад пытаннем.

Новым трэндам уладаў Лузгіна назвала будаванне арэнднага жытла – фактычна плануецца будаваць 1 млн квадратных метраў штогод.

«Гэта ў два з гакам разы больш, чым было ўзведзена і пабудавана за ўвесь 2024 год. Гэта значыць, што будуць актыўна нарошчваць гэты тып будавання. Зыходзячы з тых сцвярджэнняў, што былі агучаныя, фокус будзе зроблены на рэгіёнах», – сказала яна.

Людзі на вуліцах Менску. Менск, Беларусь. 14 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Людзі на вуліцах Менску. Менск, Беларусь. 14 траўня 2021 года. Фота: Белсат

Паводле яе, такое будаванне арыентаванае на тое, каб прыцягнуць спецыялістаў у рэгіёны і затрымаць іх там. Але эканамістка зноў не ўпэўненая ў эфектыўнасці такіх захадаў. Яна нагадала, што ўлады ўжо спрабавалі гэткім чынам прыцягнуць людзей на вёску, але плёну такіх высілкаў не было.

,,

«Каб тут тое ж самае не атрымалася. Гэта значыць, у рэгіёнах пабудуем арэнднае жытло, а засяляць туды будзе вельмі складана, бо проста попыту з боку насельніцтва не будзе», – адзначыла Лузгіна.


Адказаў на пытанні няма

Што датычыць сацыяльнай сферы, то эканамістка чакае захавання цяперашняй сістэмы сацыяльнага забеспячэння. Пры гэтым яна не выключае, што за пэўныя паслугі (напрыклад, праезд у грамадскім транспарце) доля субсідыі з боку дзяржавы можа знізіцца, а аплаты з боку насельніцтва – павысіцца. Але значных зменаў у сацыяльнай сферы экспертка ўсё ж не прадбачыць.

Як не бачыць яна і сур’ёзных рэфарматарскіх змяненняў, калі не лічыць такімі ўпор на рэгіянальнае развіццё.

,,

«Гэтае пытанне таксама не новае для Беларусі, бо, безумоўна, шмат людзей, якія жывуць у рэгіёнах або хацелі б ці робяць нейкія крокі ў бок таго, каб пераехаць у буйнейшыя гарады, дзе сапраўды інфраструктура лепш развітая. І вось тут, у гэтай праграме мяркуецца спрыяць таму, каб у рэгіёнах людзі заставаліся за кошт развіцця інфраструктурных праектаў і дарог», – сказала Лузгіна.


Аднак на ейную думку, толькі за кошт дзяржаўных намаганняў развязаць праблему адтоку людзей з рэгіёнаў цяжка, «бо для таго, каб людзі, асабліва маладыя, добра пачуваліся і ў маленькім мястэчку, і ў пасёлку, акрамя дарог і школы, дзіцячых садкоў ім трэба яшчэ наяўнасць кавярняў, рэстаранаў, дзе яны змаглі б спакойна і прыемна бавіць час, нейкіх забаўляльных рэчаў». Але для гэтага трэба, каб у рэгіёнах мог развівацца бізнес, з чым «у Беларусі праблемы». І развязання гэтага пытання ў заявах чыноўнікаў суразмоўца «не пачула».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10