Шуфлядка

Няма дыму без агню: як палітыка ўплывала на абранне пантыфікаў

Пілігрымы на плошчы Святога Пятра на другі дзень канклава ў Ватыкане
Пілігрымы на плошчы Святога Пятра на другі дзень канклаву ў Ватыкане. 13 сакавіка 2013 года. Аўтар: Antonello Mosca / Polaris / East News
podpis źródła zdjęcia

Абранне новага Папы Рымскага практычна заўсёды было ў роўнай ступені палітычнай і духоўнаю захадаю. Як выбіралі пантыфікаў раней, якія неспадзяванкі нас чакаюць, што можа здарыцца на гэтым канклаве і чаго не можа – у аглядзе «Белсату».

Выбірае Святы Дух ці...

Прадстаўнікі Касцёлу нярэдка кажуць, што Святы Дух дапамагае кардыналам абіраць пантыфіка. Пры гэтым кардынал Ёзэф Рацынгер (будучы Бэнэдыкт XVI), які тройчы браў удзел у канклаве, у 1997 годзе сказаў:

«Я не сцвярджаю, што Святы Дух даслоўна бярэ ўдзел у выбары Папы, бо Святы Дух не дапусціў бы абрання шмат каго з Папаў. Ролю Святога Духу варта разумець больш гнутка. Ён дае нам свабоду дзеянняў, не дыктуючы, за каго галасаваць».

Іншы кардынал гэтак апісаў абранне Піюса XII у 1939 годзе: «Калі б галасавалі анёлы, яны абралі б кардынала Даллю Косту. Калі б галасавалі дэманы, яны абралі б мяне. Але галасавалі людзі».

Папа Піюс XII падчас радыёпраграмы з Ватыкану ў лістападзе 1947 года. Фота: Luigi Felici / AP Photo / East News
Папа Піюс XII падчас радыёпраграмы з Ватыкану ў лістападзе 1947 года. Фота: Luigi Felici / AP Photo / East News

Манарх накладвае вета

Гісторыя «ius exclusive», або права на вета пачалася яшчэ ў Сярэднявеччы. Першым такім выпадкам лічыцца канклаў 1314–1315 гадоў, а замацавалася і пачало шырока ўжывацца вета манарха ў XVII стагоддзі. Ім карысталіся каралі Іспаніі, Францыі, імператары Святой Рымскай імперыі, Аўстрыі і Аўстра-Вугоршчыны. Праўда, не заўсёды паспяхова. Напрыклад, вядомы нам з раманаў Александра Дзюма бацькі кардынал Джульё Мадзарына (кардынал – свецкі чалавек, дарэчы) спазніўся на канклаў 1644 года і не здолеў заблакаваць ад імя Людовіка XIV абрання Папам Інакенція Х. У 1846 годзе аўстрыйскі кардынал таксама спазніўся на канклаў (той доўжыўся ўсяго тры дні, а кардынал ехаў з Мілану ў Рым) і не здолеў перадухіліць абрання Піюса IX, які лічыўся лібералам, але ў выніку свайго пантыфікату (самага доўгага ў гісторыі, больш за 31 год) апынуўся кансерватарам.

Агулам правам вета манархі карысталіся на 18 канклавах – як супраць асобных кардыналаў, гэтак і супраць цэлых групаў (на канклаве 1799–1800 гадоў імператар Святой Рымскай імперыі наклаў вета на ўсіх кардыналаў з Іспаніі, Францыі, Неапалю, Генуі і Каралеўства Сардыніі – 7 прысутных і 5 адсутных). Выглядала гэта так: калі пры падліку галасоў рабілася відавочна, што адзін з іерархаў блізкі да абрання, іншы ўставаў і аб'яўляў на латыні, што па даручэнні манарха карыстаецца магчымасцю, дадзенай яму гонарам і прывілеем, абвясціць непажаданым абранне кардынала, які перамагае, а затым перадаваў ліст з гэтым тэкстам кіраўніцтву канклаву.

Апошнім у гісторыі выпадкам яўнага ўплыву свецкіх уладаў на абранне пантыфіка (імаверна, былі і няяўныя) сталася ўмяшанне імператара Аўстра-Вугоршчыны Франца Ёзэфа I у канклаў 1903 года. Калі дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал Мар'яна Рамполля дэль Тындара набіраў бальшыню галасоў і быў блізкі да абрання Папам, кардынал Ян Пузына з аўстрыйскага на той момант Кракава заявіў (паводле некаторых сведчанняў, неахвотна), што для імператара непажаданае абранне Рамполлі. Кардыналы абурыліся, але не сталі настойваць і выбралі патрыярха Венецыі. Прыняўшы імя Піюс Х, той адмяніў права вета.

Кардынал Джузэпэ Мэльк'ёрэ Сарта рыхтуецца сесці ў гандолу і выправіцца з Венецыі ў Рым на канклаў, дзе яго абяруць Папам Рымскім Піюсам X. Венецыя, 1903 год. Фота: Mondadori via Getty Images
Кардынал Джузэпэ Мэльк'ёрэ Сарта рыхтуецца сесці ў гандолу і выправіцца з Венецыі ў Рым на канклаў, дзе яго абяруць Папам Рымскім Піюсам X. Венецыя, 1903 год. Фота: Mondadori via Getty Images

1958: армянскі Папа?

Выбар кардыналаў у 1958 годзе быў парадаксальным: не гатовыя на перамены, яны абралі пантыфікам менавіта таго, хто ў выніку задумаў грандыёзную рэформу. Гэта быў першы канклаў, у якім бралі ўдзел кардыналы з Кітаю, Індыі і Афрыкі (амерыканцы ды лацінаамерыканцы былі і раней).

Менавіта тады была першая за 400 гадоў сур'ёзная спроба выбраць не італьянца. Прэса абмяркоўвала армянска-каталіцкага патрыярха кардынала Рыгора Пятра XV Агаджаньяна як таго, хто можа стацца новым Папам. Напярэдадні канклаву камэрленга атрымаў ліст ад кардынала Чэльса Канстантыні, у якім той заклікаў наважыцца на гэта.

,,

«Калегія складаецца з 55 кардыналаў: 37 замежнікаў і 18 італьянцаў. З гэтага вынікае – абраць на вярхоўны пасад кардынала не італьянца. За мяжою мне ўжо шмат разоў даводзілася чуць абвінавачванні ў італьянізацыі Касцёлу.


Нягледзячы на велізарную і вартую хвалы працу місіянераў, мы можам налічыць толькі 10–13 мільёнаў каталікоў сярод амаль мільярднай масы язычнікаў. (...) Думаю, усё вышэй сказанае можа паказаць на кандыдата, які адпавядае неадкладным патрэбам нашага часу, а менавіта – на кардынала Пятра XV Агаджаньяна. Ён цудоўны місіянер, з такою тэарэтычнай і практычнаю падрыхтоўкаю, якую наўрад ці знойдзеш у якога-небудзь іншага кардынала. Ён паліглот, годны, яго любяць і паважаюць усе, ён у энергічным веку. Больш за тое, ён рэпрэзентуе святыя повязі адзінства паміж лацінскай Царквой і Царквой усходняю».

Не зважаючы на падтрыманне ўплывовага кардынала Тысэрана, у выніку Папам абралі патрыярха Венецыі, кардынала Ранкаллі. Стаўшыся Янам XXIII, ён казаў, што ягонае і Агаджаньяна імёны падчас галасаванняў вагаліся, як гарох у кіпені, а армянскаму кардыналу забракавала некалькіх галасоў для абрання. Паводле версіі, згаданай на сайце армянскага Касцёлу, кардынала Агаджаньяна ўсё ж абралі (пяць гадоў пазней), але той адмовіўся ад папства.

1978: Папа Станіслаў

У біяграфіях Яна Паўла II нярэдка гаворыцца, што ад'язджаў ён на канклаў у крыху трывожным настроі, а перад паездкаю напісаў апошні верш «Станіслаў», пра свайго ўлюбёнага першага біскупа Кракава, і ў канцы зламаў пяро. Часам зазначаюць, што ён быў сур'ёзным кандыдатам на жнівеньскім канклаве (тады кардыналы зноў задумаліся пра абранне пантыфікам не італьянца, але зноў не наважыліся на гэта) і набраў нямала галасоў. Аднак, калі верыць выцекам, ягоны максімум тады быў 4 галасы з 111.

Папа Ян Павал II паціскае рукі радасным людзям з натоўпу падчас сваёй штотыднёвай генеральнай аўдыенцыі ў саборы Святога Пятра. Ватыкан, 14 снежня 1978 года. Фота: Bettmann / Contributor / Getty Images
Папа Ян Павал II паціскае рукі радасным людзям з натоўпу падчас сваёй штотыднёвай генеральнай аўдыенцыі ў саборы Святога Пятра. Ватыкан, 14 снежня 1978 года. Фота: Bettmann / Contributor / Getty Images

Кастрычніцкі канклаў амаль паўтарыў гісторыю жнівеньскага: лібералы прасоўвалі кардынала Джаванні Бэнэллі, а кансерватары – кардынала Джузэпэ Сіры. У чацвёртым туры Сіры набраў 70 галасоў пры неабходнай бальшыні 75, і калі б ён пагадзіўся прызначыць Бэнэллі дзяржаўным сакратаром, у наступным галасаванні стаўся б Папам. Але кардыналам давялося шукаць кампраміс.

У шостым галасаванні за Караля Вайтылу, які пры падліках чытаў марксісцкі часопіс пра філасофію, былі ўжо 11 кардыналаў, і кардынал Франц Кёніг пачаў кампанію за ягонае абранне. Прымас Польшчы Стэфан Вышыньскі пагаварыў з Вайтылам, каб той не ўздумаў адмаўляцца, а Сіры, прыхільнікам якога быў Вышыньскі, пагадзіўся падтрымаць Вайтылу. Тым часам галандзец Ёганэс Вілебрандс адмовіўся быць кандыдатам, а аргентынец Эдуарда Піроньё не атрымаў значнага падтрымання.

У выніку Вайтыла набраў у восьмым туры 94 або 99 галасоў з 111. Калі першага польскага Папу спыталі, якое імя ён выбірае, той нечакана адказаў: «Станіслаў». Яму на гэта запярэчылі: імя нетыповае, а ён і так не італьянец, чаго не было з XVI стагоддзя. І новы пантыфік стаўся Янам Паўлам II.

2005: «Клянуся, я дам яму поўху!»

Кажуць, напярэдадні вызначальнага галасавання на канклаве-2005 кардынал Джакама Біфі за абедам паскардзіўся: «Кожны раз я атрымліваю адзін голас. Калі я знайду таго, хто так упарта галасуе за мяне, клянуся, я дам яму поўху!»

Іншы кардынал быў відавочна збянтэжаны: «Вашая Эксцэленцыя, цяпер ужо ясна, каго мы выбіраем новым Папам, і відавочна, гэта менавіта ён галасуе за вас. Таму калі вы хочаце выканаць сваё абяцанне, вам давядзецца даць поўху Папу».

Нямецкі кардынал Ёзэф Рацынгер, які прыняў імя Бэнэдыкт XVI, праводзіць імшу ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане. 18 красавіка 2005 года. Фота: Pier Paolo Cito / AP Photo / East News
Нямецкі кардынал Ёзэф Рацынгер, які прыняў імя Бэнэдыкт XVI, праводзіць імшу ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане. 18 красавіка 2005 года. Фота: Pier Paolo Cito / AP Photo / East News

Тое, што за Біфі галасаваў менавіта кардынал Рацынгер, пазней пацвердзіў ягоны сакратар арцыбіскуп Георг Гэнсвайн. Калі Біфі памёр у 2015 годзе, Бэнэдыкт XVI напісаў пра яго: «Кардынал Біфі застаўся ў маёй памяці як узорны пастыр Царквы Божай у цяжкі час. (...) Перад ягоным незвычайным розумам, культураю, багаслоўскімі ведамі, пачуццём гумару немагчыма было застацца абыякавым, бо ён усім сэрцам служыў праўдзе, Госпаду і людзям нашага часу. Я б хацеў, каб у Царкве Божай ніколі не бракавала такіх выбітных асобаў».

Мабыць, кардынал Біфі ўсё ж не стрымаў дадзенага за абедам слова.

Метады вызначэння будучага Папы

Як у Расеі ўжо два стагоддзі захоўваецца парадокс чаргавання кіраўнікоў лысы/валасаты, у Касцёле мог бы быць аналагічны прынцып – худы/поўны: Піюс XI быў поўны, Піюс XII – худы, Ян XXIII быў мажны, а Павал VI падцягнуты. Але пасля Паўла VI былі тры хударлявыя пантыфікі запар, і толькі затым – поўны Францішак.

Такі збой пасля Паўла VI быў і з наяўнасцю/адсутнасцю літары «р» у прозвішчы Папы. З 1846 да 1978 года пантыфікі чаргаваліся быццам паводле гэтага прынцыпу: Фэрэцці (Піюс IX) – Пэччы (Леў XIII) – Сарта (Піюс X) – дэлля К'еза (Бэнэдыкт XV) – Рацці (Піюс XI) – Пачэллі (Піюс XII) – Ранкаллі (Ян XXIII) – Мантыні (Павал VI). Але затым нешта пайшло не так: Лючані (Ян Павал I) – Вайтыла (Ян Павал II) – Рацынгер (Бэнэдыкт XVI) – Бэргольё (Францішак).

Пачынаючы з Піюса XI, прасочваецца чаргаванне паводле нумарацыі (цотны/няцотны), але і яно зламалася – у 2005 годзе пасля Яна Паўла II на Папскі пасад узышоў Бэнэдыкт XVI.

2025: што можа здарыцца

Паколькі гэты канклаў самы шматлікі, а 133 кардыналы з правам голасу адзін з адным не знаёмыя (гэта іхная першая агульная сустрэча), выбар можа зацягнуцца – для абрання трэба 2/3, то бок 89 галасоў. І ён можа стацца самым доўгім канклавам за апошнія паўтара стагоддзя – з 1846-га канклавы доўжыліся ад двух да пяці дзён.

Усталяванне коміну ў Сікстынскай капэле перад пачаткам канклаву 7 траўня ў Ватыкане. 2 траўня 2025 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News
Усталяванне коміну ў Сікстынскай капэле перад пачаткам канклаву 7 траўня ў Ватыкане. 2 траўня 2025 года. Фота: Handout / Vatican Media / AFP / East News

Папам можа стацца кардынал з Афрыкі: у адрозненне ад Пітэра Тэрксана ў 2013 годзе, шанцы 79-гадовага гвінейца Рабэра Сара выглядаюць больш рэалістычнымі – калі кардыналы надумаюць выбраць умеранага кансерватара, спакойнага і немаладога. Або з Азіі – і неабавязкова філіпінец Люіс Тагле, можа быць Мэлкам Ранджыт з Шры-Ланкі.

Пасад апостала Пятра можа зноў заняць італьянец – пасля 47-гадовага перапынку. У спісах мільгае цэлы шэраг нарадзінцаў Італіі: П'этра Паралін, Матэа Дзупі, П'ербатыста Піццабалля, нават 82-гадовы Анджэлё Банняска.

Упершыню з 1939 года Папам можа зрабіцца дзяржаўны сакратар Святога пасаду – кардынал Паралін, які кіруе рыхтаваннем і канклавам.

Паломнікі ідуць з драўляным крыжам па плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. 3 траўня 2025 года. Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News
Паломнікі ідуць з драўляным крыжам па плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. 3 траўня 2025 года. Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Новым пантыфікам можа стацца былы нунцый у Беларусі – кардынал Кляўд'ё Гуджэроцці. Некаторыя ватыканісты называюць яго запасным варыянтам каманды дзяржаўнага сакратара: як і Паралін, Гуджэроцці адносіцца да групы вылучэнцаў нябожчыка кардынала Сільвэстрыні, які браў удзел у фармаванні палітыкі Ватыкану ў дачыненні Усходняй Еўропы. 69-гадовы Гуджэроцці быў апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, Азербайджане, Беларусі (у 2011–2015 гадах), Украіне і Вялікай Брытаніі.

Калі Папам станецца Гуджэроцці, Піццабалля, швед Андэш Арбарэліюс ці нават украінец з Аўстраліі Мікола Бычок, гэта будзе першы барадаты пантыфік пасля смерці Інакенція XII у 1700 годзе.

У выпадку абрання Параліна або Піццабаллі шмат хто згадае прароцтва Маляхіі і ўбачаць абранне Пятра-рымляніна – быццам апошняга пантыфіка перад канцом свету. Хоць наагул ім меў бы стацца Францішак.

Новы пантыфік можа выбраць адно з самых папулярных папскіх імёнаў – Ян, Бэнэдыкт, Рыгор, Леў, Клімэнт, Інакенцій, Піюс – альбо адно з апошніх – Ян Павал, Францішак, Павал. Можа выбраць і прызабытае імя (Стэфан, Баніфацый, Урбан, Аляксандр, Цэлестын і г. д.), або зусім новае (Лука, Язэп, Дамінік, Якаў). Тэарэтычна можа выбраць і нечаканае імя – напрыклад, Пётр ці Ісус, але кардыналы відавочна паспрабуюць угаварыць абранніка на нешта больш прыдатнае.

У любым выпадку выбар новым Папам свайго імя азначае курс і шмат пра што кажа. Нават калі пойдзе ўслед за некаторымі папярэднікамі і назавецца ў гонар святога, чыю памяць адзначаюць у дзень абрання (напрыклад, 7 траўня некалькі Аўгустынаў і Альбэрт; 8-га – Папы Бэнэдыкт і Баніфацый; 10-га – заступнік іспанскіх святароў і настаўнік царквы Ян Авільскі).

Кардыналы даюць клятву не выдаваць таго, што адбываецца на канклаве. 12 сакавіка 2013 года, Сікстынская капэла, Ватыкан. Фота: MAURIX / Gamma-Rapho via Getty Images
Не толькі «Канклаў»: што паглядзець пра выбары Папы Рымскага Шуфлядка

Чаго здарыцца не можа

У адрозненне ад розных фільмаў, на рэальным канклаве немагчыма абраць Папам Рымскім жанчыны, гермафрадыта (інтэрсекс) або нават трансгендара – такі пантыфік проста будзе несапраўдны.

Нягледзячы на тролінг, не можа зрабіцца Папам і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп – ён не каталік. Але і каталік Джэй Ды Вэнс таксама (як і Джо Байдэн) – ён жанаты, таму не можа стацца біскупам.


Іван Аляксееў / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10