Клуб «Начныя ваўкі» распачаў сваю традыцыйную прапагандысцкую акцыю, прымеркаваную да Дня Перамогі. Адзін з маршрутаў байкераў, якія падтрымоўваюць вайну ва Украіне, пралягае праз Беларусь. Пры гэтым, як высветліў «Белсат», улады ведаюць пра планы матацыклістаў толькі з медыяў.
Мотапрабег «Начных ваўкоў» называецца «Дарогі Перамогі – Полымя памяці 2025». На афішы акцыі, абвешчанай міжнароднаю, – лацінская літара Z, адзін з сімвалаў расейскай агрэсіі ва Украіне.
Марш прадугледжвае чатыры этапы, адзін называецца «Расея – Беларусь». Ён стартаваў у Маскве 26 красавіка. Пакручастым маршрутам праз шэраг расейскіх гарадоў і анексаваны Крым байкеры маюць прыехаць у нашую краіну і наведаць Менск, Хатынь і Берасце.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» месціцца ў Лагойскім раёне, аднак у райвыканкаме карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе прызналіся, што пра візіт прыхільнікаў вайны ва Украіне ведаюць толькі з медыяў:
,,«Пакуль лістоў не прыходзіла, пакуль гэта толькі агульнадаступная інфармацыя. Пакуль на ўзроўні чутак, не больш за тое. Калі будзе дакумент, можна будзе пра гэта размаўляць».
У Лагойскім райвыканкаме пры гэтым адзначылі, што іх заўсёды інфармуюць пра дэлегацыі, якія наведваюць Хатынь. Там бы ведалі таксама, калі б «Начным ваўкам» забаранілі б акцыю:
,,«Нас інфармуюць пра тое, што адбываецца ў Хатыні, якія дэлегацыі наведваюць. Цяпер жа агулам няма інфармацыі. А калі была б забарона, нас бы таксама паінфармавалі б».
У Берасцейскім гарвыканкаме, куды карэспандэнт «Белсату» звярнуўся як мясцовы жыхар, таксама нічога не ведаюць пра планы расейскіх байкераў. Там сказалі толькі, што «крыху пазней будзе афіша», і не адказалі на пытанне, ці ўзгоднены з уладамі візіт «ваўкоў» і агулам што тыя будуць рабіць у Берасці. Чыноўніца параіла толькі «сачыць за нашым Telegram-каналам "Любимый Брест", дзе будзе ўся інфармацыя».

Выданне «BILD на русском» раней напісала, што байкеры жадаюць адзначыць 9 траўня ў савецкім мемарыяле Трэптавэр-Парк у Берліне, аднак «застаецца незразумелым, ці ўдасца ім заехаць у ЕЗ».
Падобна, што на тэрыторыю Еўразвязу «ваўкі» прарывацца і не будуць, бо этапам мотапрабегу «Еўропа» прадугледжваецца маршрут з Славаччыны праз Чэхію ў Нямеччыну. Гэтую частку прабегу ладзяць прадстаўнікі еўрапейскага аддзялення клубу, і яны ўжо пачалі свой марш. Матацыклісты наведваюць памятныя мясціны, звязаныя з Другой сусветнай вайною, ускладаюць кветкі і фатаграфуюцца са сцягамі Расеі, Чэхіі, Славаччыны, Нямеччыны і савецкім сцягам.
Плануецца, што акцыя завершыцца 9 траўня ў Берасцейскай крэпасці і паралельна – у Берліне, у Трэптавэр-Парку.
Клуб «Начныя ваўкі» называюць нацыяналістычным і ўльтрапатрыятычным. Арганізацыя пад санкцыямі ЗША і Канады яшчэ з 2014 года за падтрыманне анексіі Крыму і вайны на ўсходзе Украіны.
У 2022 годзе санкцыі супраць клубу ўвёў Еўразвяз, абвінаваціўшы байкераў у падтрыманні поўнамаштабнай вайны ва Украіне, распаўсюд антыўкраінскай і прарасейскай прапаганды.
У 2015, 2016, 2017 і 2018 гадах «Начныя ваўкі» спрабавалі ладзіць маршы з Масквы ў Берлін праз Берасце, аднак польскія памежнікі іх не пускалі.
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu