Беларусь нечакана апярэдзіла Расею ў аб'ёмах паставак гарэлкі ў Кітай. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі за першы квартал 2025 года беларускія вытворцы адправілі ў Паднябесную 386 тонаў моцнага алкаголю, і гэта трэцяе месца сярод усіх краінаў-экспарцёраў.
Лідары імпарту гарэлкі ў Кітаі выглядаюць наступным чынам: Швецыя – 744 тоны; Італія – 502 тоны; Беларусь – 386 тонаў; Расея – 318 тонаў.
Гэтыя звесткі агучыў расейскі РБК са спасылкай на Галоўнае мытнае ўпраўленне Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Традыцыйна менавіта Расея асацыюецца з гарэлкай на міжнародным рынку, але апошнія лічбы сведчаць пра тое, што беларуская прадукцыя набывае ўсё большую папулярнасць на рынку Кітая. Прычынаў можа быць некалькі: ад якасці напою і да цэнавай канкурэнтаздольнасці.
Пры гэтым, адзначаюць эксперты, пастаўкі алкаголю ў Кітай – адзін з нямногіх экспартных кірункаў, дзе Беларусь дэманструе рост у параўнанні з мінулымі гадамі.
Каментары ад беларускіх вытворцаў пакуль не агучаныя, але, як падаюць галіновыя медыі, інтарэс Кітаю да беларускай прадукцыі звязаны з актыўнай маркетынгавай палітыкай на кітайскім рынку, у тым ліку праз супольныя кірмашы і прэзентацыі.
На фоне эканамічных цяжкасцяў у іншых галінах, беларуская гарэлка можа зрабіцца нечаканым «экспартным гітом» 2025 года.
Агульнае ж спажыванне алкаголю ў самой Беларусі ўжо дастаткова даўно вагаецца каля лічбы 11 літраў чыстага алкаголю за год у пераліку на аднаго грамадзяніна, старэйшага за 15 гадоў.
Сярод іншых краінаў свету мы будзем недзе каля 25-га месца – сярэдняя еўрапейская краіна.
Надзея Вольная belsat.eu