Меркаваннi

Што будзе з «Партызанам»?

Кінатэатр «Дом Кіно» у Менску на вуліцы Талбухіна. Фота: yandex.ru
Кінатэатр «Дом Кіно» у Менску на вуліцы Талбухіна. Фота: yandex.ru
podpis źródła zdjęcia

Вестка пра тое, што ўлады закрылі Дом кіно і перадалі будынак БРСМ, мяркуючы з каментароў у сацыяльных сетках, выклікала негатыўную рэакцыю сярод менчукоў. Па-іншаму выказаць свае эмоцыі сёння няма магчымасці. Не пісаць жа зваротаў «абуранай грамадскасці» і не стаяць на ганку кінатэатру з плакатам «Рукі прэч».

Назва «Дом кіно», атрыманая кінатэатрам у 2005 годзе пасля рамонту, у гараджанаў так і не прыжылася. Яго і дасюль завуць «Партызанам». І гэта нядзіўна, бо кінатэатр адкрылі яшчэ ў 1966 годзе. А што такое кінатэатр у той час? Ды яшчэ шырокафарматны?! Першы фільм быў зусім не пра вайну. Гэта была чароўная, маляўнічая добрая стужка «Тры таўстуны». На тагачасныя меркі нават цяжка было сабе ўявіць больш антысавецкага фільму. Зрэшты, стужка пасля на доўгія гады легла на паліцу. Магчыма, ідэолагі заўважылі ў ёй няправільныя намёкі.


Кінатэатр тады быў увасабленнем сучаснай архітэктуры гораду. Гэта быў час, калі ўлады яшчэ прыслухоўваліся да архітэктараў. Будынак спраектаваў Юрый Шпіт. Уражваў шкляны фасад кінатэатру побач з 9-павярховікамі на ўзвышшы, якіх тады ў горадзе было няшмат. Праз шыбы вечарамі ў фае другога паверху віднелася мазаічнае пано мастака Мая Данцыга «Партызанскі паход». На першым паверсе – кавярня, таму людзі прыходзілі загадзя: падавалі бутэрброды і смачныя пірожныя. Самыя папулярныя – «Бушэ». Можна было выпіць і чарачку каньяку або келіх шампанскага. Улетку амаль заўсёды быў адчынены вялікі балкон, там шпацыравалі ў чаканні сеансу.


Унізе кінатэатру ўздоўж вуліцы Талбухіна – празрыстае кола рэстарану «Каменная кветка». Яго таксама спраектаваў Юрый Шпіт. Гэта быў адзіны ў Менску рэстаран з вар'етэ.

,,

Сучасны будынак кінатэатру, сучасны будынак рэстарану, ды яшчэ і варʼетэ – як малюсенькі кавалачак жыцця, якое можна было ўбачыць толькі на экране.


Дом кіно ў Менску на вуліцы Талбухіна. Фота: Вікіпедыя
Дом кіно перадалі БРСМ навіны

Гэта быў перыяд вялізных чэргаў у касы кінатэатраў, на выставы і ў рэстараны. Так, цяпер цяжка такое ўявіць. Але трапіць у рэстаран таксама было няпроста. Пазней зʼявілася магчымасць рэзерваваць столік. І чакаць трэба было не адзін дзень.


У «Партызане» часта паказвалі фільмы на тэму вайны. Народ жартаваў, што «Беларусьфільм» трэба перайменаваць у «Партызанфільм» праз спецыфіку рэпертуару і паказваць такія стужкі толькі ў «Партызане».


Але насамрэч менавіта ў «Партызане» праходзілі Тыдні польскага кіно. Гэта заўсёды было падзеяй. Тыдзень расцягваўся амаль на месяц, але квіткоў усё роўна катастрафічна бракавала. Беларускі глядач увогуле заўсёды меў асаблівую сімпатыю да польскага кіно. Прыгажунчык Збігнеў Цыбульскі быў кумірам савецкіх жанчын. Калі ён загінуў у 1967-м, памятаю, як мая мама супакойвала суседку. А тая была дама строгая, выкладала ў будаўнічым тэхнікуме. І гэтая спадарыня Валянціна плакала так, нібыта памёр ейны блізкі сваяк.


Мінулі амаль два дзесяцігоддзі, зʼявіліся новыя твары, але польскае кіно заўсёды прыцягвала нашую публіку. У 1980-ыя мы стараліся паглядзець усе прывезеныя фільмы. Ішлі яны менавіта ў «Партызане». Гэта быў перыяд «Салідарнасці» ў Польшчы. Што тамака адбываецца? Народ уважліва слухаў «варожыя галасы».


У Менску раптам у продажы зʼявіліся далікатэсы, якіх гараджане ніколі раней не бачылі: напрыклад, смажаныя міногі ў шыкоўных драўляных кадках з высакароднага дрэва. Везлі іх з Далёкага Усходу, але праз закрыццё мяжы давялося тэрмінова рэалізоўваць дэфіцытную прадукцыю.

,,

Мы ў кіназале ўглядаліся ў польскія інтэрʼеры: такія ж брэжнеўкі, такія ж кухні і мэбля. Але ніякай табе барацьбы за першае месца ў сацспаборніцтве, ніякага прафкаму, пяцігодкі за тры гады… Галоўная тэма – чалавек.


«Пахаванне цвыркуна» – фільм пра стасункі дзіцяці і дарослых, але насамрэч пра тое, пра што тады не прынята было казаць. Пра каштоўнасць звычайнага чалавека з ягонымі ўнутранымі перажываннямі, з ягонымі стасункамі. Звычайны чалавек, а не брыгадзір ці сакратар камітэту камсамолу на заводзе з ідыёцкімі маналогамі пра выкананне плану. План, а не нейкі там чалавек – вінцік, а дакладней – будаўнік камунізму. Партыя, камсамол… А далей што? Менавіта ў «Партызане» пасля прэмʼернага паказу камедыі «Ва-банк» гледачы пляскалі стоячы. Хоць у кінатэатрах так не было прынята.


Што такое «Партызан» для менчукоў? Розныя пакаленні гэтае месца ўспрымалі па-рознаму. Цяжка ўявіць цяперашнім маладым, што быў час, калі ўдома ў тэлевізары ішла толькі адна праграма, а трансляцыя часта пачыналася пасля 18:00. Мастацкія стужкі паказваліся не кожны дзень, мультфільмы – толькі ў выходны. А ў кінатэатр можна было хадзіць хоць штодня.

Будынак, дзе раней размяшчаўся рэстаран «Каменная кветка». Фота: koko.by
Будынак, дзе раней размяшчаўся рэстаран «Каменная кветка». Фота: koko.by

«Партызан» месціцца ў зялёным раёне хрушчовак. Кватэры ў тых дамах давалі маладым семʼям. Таму на ранішні сеанс у нядзелю ў «Партызане» былі натоўпы дзяцей. «Сапраўдныя героі заўсёды ідуць у абыход!» – гучала з арэляў у двары. Значыць, паглядзелі «Айбаліт-66». Дзеці імкнуліся каля касаў паглядзець фатаграфіі з фільму. Бо можна было нарвацца на стужку пра сацспаборніцтва і паглядзець увесь працэс металапракату ці вытворчасці цэменту. Тады гэта былі 10 капеек, выкінутыя на вецер.


Вядома, паступова адышла тая эпоха. Фільмы на любы густ можна глядзець, не выходзячы з дому. Можна нават купіць хатні кінатэатр, але немагчыма ўзнавіць тую атмасферу чакання паказу. Калі людзі кампаніямі пасля працы прыходзілі ў кіно, а пасля сеансу абмяркоўвалі стужку, спрачаліся. Часам абмеркаванне магло быць цікавейшым за паказ.


Чаму менавіта Дом кіно закрылі? Можна, вядома, сказаць, што кінатэатры цяпер стратныя. Але ж гэта праблема рэпертуару. Добрых новых фільмаў у беларускім пракаце няма праз усім вядомыя прычыны. І, хутчэй за ўсё, яны не зʼявяцца найбліжэйшым часам. 

,,

Але чаму менавіта БРСМ? Няўжо калі там будзе гэтая штучная пралукашэнкаўская структура, то з бюджэтам стане ўсё выдатна? Ці прынясе яна нейкім чынам даход?


Да таго ж Дом кіно ў лепшым стане ў параўнанні з іншымі кінатэатрамі. Там і паказы праходзілі з міжнародных фестываляў, і рамонт зроблены 10 гадоў таму.


Архітэктурны ансамбль на вуліцы Талбухіна ўжо парушаны. Адзін будынак знявечаны – рэстаран «Каменная кветка» не проста спыніў сваё існаванне. У канцы 1980-х празрысты будынак абнеслі бетоннаю сцяной. Адразу ж з вітражамі адышлі лёгкасць і прыгажосць. «Каменная кветка» ператварылася ў каменны мяшок. Не ведаю, як гэта перажыў аўтар праекту. У 2014-м у гэтай каменнай шайбе нейкі час дзеяў кітайскі рэстаран, але не карыстаўся папулярнасцю і зачыніўся. Цяпер там гастраном.


Разбураецца аблічча гораду, якім ганарыліся менчукі. Які ж лёс прыгатавалі «Партызану»?


belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10