У Беларусі можна скрасці кватэру, атрымаць прысуд і не толькі выйсці датэрмінова, але і вярнуцца да вялікіх грошай. Але калі ты палітвязень, пасля зняволення цябе чакае толькі ізаляцыя. «Белсат» прасачыў лёсы высокапастаўленых карупцыянераў, якіх публічна судзілі, а цяпер яны зноў на кіроўных пасадах. І параўнаў з лёсамі тых, хто сядзеў за ўдзел у пратэстах.
Калі для былых палітвязняў у Беларусі амаль любы вырак становіцца пажыццёвым – з немагчымасцю вярнуцца ў прафесію, адкрыць рахунак у банку ці нават уладкавацца на звычайную працу, – то для карупцыянераў, пакараных нават паводле гучных артыкулаў, гэта часта толькі часовая нязручнасць. Прычым з магчымасцю хуткага рэабілітацыйнага «ліфту». Чыноўнікі, асуджаныя за крадзеж і махінацыі, ціха і ўпэўнена вяртаюцца да кіраўніцтва. Часам – на дзяржаўныя пасады, часам – у прыватныя кампаніі, якія маюць добрыя сувязі з уладамі.
Менавіта такі шлях прайшоў былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец. У 2014 годзе ён быў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і махінацыі з кватэрамі. Паводле справы, 27 жылых памяшканняў, што прызначаліся для перасяленцаў з вуліцы Барыкіна, замест гэтага атрымалі сілавікі і сябры Піліпца. Дзве кватэры ён аформіў на падстаўных асобаў, каб забраць сабе.
Суд праходзіў у Магілёве, каб пазбегнуць ціску на суддзяў у родным Гомлі. Але ўжо ў 2015 годзе чыноўнік выйшаў на волю паводле амністыі. Як высветлілі нядаўна журналісты «Штодзень Гомель», адразу пасля вызвалення Піліпец атрымаў пасаду ў холдынгу «БелГАЗаўтасэрвіс» – афіцыйным дыстрыб’ютары аўтамабіляў ГАЗ у Беларусі. Сёння ён займае пасаду намесніка гендырэктара ў пытаннях уласнасці.

Але мы пастанавілі прасачыць не толькі ягоны лёс, але і іншых чыноўнікаў, якіх нібыта «жорстка» пакаралі за карупцыю.
Карупцыя, якая даруецца
Як высветлілася, гісторыя Віктара Піліпца – далёка не адзіны прыклад вяртання асуджаных чыноўнікаў у «высокія кабінеты». Згадваць пра жорсткія прысуды за карупцыю ўладам зручна на публічных нарадах, але пасля часта дзее прынцып «сваіх не кідаюць».
Так, былы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі, асуджаны ў 2017 годзе на 8 гадоў за хабар, быў вызвалены датэрмінова ўжо ў 2018-м і ўзначальвае адно з сельгаспрадпрыемстваў.
Яшчэ адзін прыклад – Віктар Хадасевіч, былы дырэктар бабруйскага мясакамбінату. Ён быў асуджаны за крадзеж прадукцыі, але ўжо праз год пасля выхаду з калоніі яго прызначылі кіраўніком СВК «Ліпаўка». Там яму далі нават службовае жытло. У выніку адзін год Хадасевіч адпрацаваў на сельскую гаспадарку, пасля чаго зрабіўся – увага – дырэктарам гандлёвага цэнтру «Спектр» у Бабруйску.
,,«Як я апынуўся ў калгасе? Гэта вядомае памілаванне прэзідэнта. Здаецца, з сямі памілаваных пяць скіравалі ў калгасы», – каментаваў Хадасевіч пасля свайго выхаду з калоніі выданню «Tut.by».
Нярэдка пасады атрымліваюць і тыя, хто фігураваў у справах з асаблівым грамадскім рэзанансам. Напрыклад, былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў, асуджаны за тое, што замяў справу аб смяротным ДТЗ, здзейсненым сынам вядомага бізнесоўца, адсядзеў толькі паўтара года з шасці і зрабіўся кіраўніком гаспадаркі ў Смалявіцкім раёне.
Былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Ігар Стасевіч, які браў «падарункі» нават у выглядзе чабурэкаў і гародніны, быў асуджаны на тры гады калоніі. Але ўжо праз некалькі месяцаў паводле пастановы суда частку пакарання яму замянілі на папраўчыя працы. Ён спакойна адпрацаваў год на камбінаце надомнай працы на кіраўнічай пасадзе і знік з радараў.
Былы кіраўнік «Магілёўводбуду» Яўген Зюзін, асуджаны за хабар і крадзеж на сем гадоў, ужо праз год кіраваў калгасам у Бабруйскім раёне.

У некаторых выпадках амністыя і «новы лёс» не толькі дазволены, але і арганізаваны «зверху». Так, былы намеснік кіраўніка канцэрну «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў пасля выхаду з калоніі ўзмоцненага рэжыму, да якой на 8 гадоў яго прысудзілі за хабар у буйных памерах (падчас суда ён нават не прызнаў сваёй віны), увогуле стаўся кіраўніком будоўлі на Наваполацкім НПЗ. А гэта, на хвілінку, адна з ключавых прамысловых пляцовак краіны. У калоніі ж ён не адбыў і двух гадоў.
«Запомніце – ад старшыні райвыканкаму да прэм’ер-міністра – гэта кадравы рэестр прэзідэнта», – казаў Лукашэнка ў красавіку 2024 года. – […]І на літасці не разлічвайце!»
Але рэальнасць іншая: тыя, каго ўчора прызнавалі карупцыянерамі, сёння зноў атрымліваюць высокааплатную працу і дзяржаўныя пасады. Механізм просты: калі ты не супраць улады, калі ты маўчыш, калі не пярэчыш, – то нават тэрмін не перашкаджае табе вярнуцца ў «вертыкаль». У лепшым выпадку – праз калгас, у горшым – адразу на топавую пасаду ў сталіцы. Пры гэтым сістэма працягвае кідаць за краты журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і звычайных грамадзянаў за лайкі ці ўдзел у пратэстах. Проста за тое, што не згодныя з палітыкай уладаў.
Надзея Вольная belsat.eu