Беларусам наўрад ці ўдасца раптоўна прыехаць на найбліжэйшыя выходныя ў Польшчу: пакуль на мяжу выклікаюць тых, хто зарэгістраваўся ў зону чакання 29 красавіка. Праскочыць у Латвію яшчэ магчыма, у Літву – ужо давядзецца крыху пачакаць.
Што ў афіцыйных крыніцах
Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 2 траўня наступныя.
• «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 420–440.
• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). У чарзе легкавікоў – 80–100, няма чаргі аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 350–370. Чарга легкавікоў з’явілася ўдзень 1 траўня.
• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). У чарзе легкавікоў – 20–70, няма чаргі аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 370–430. Чарга легкавікоў з’явілася ўвечары 1 траўня.
• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). У чарзе – 1080–1135 легкавікоў, чаргі аўтобусаў няма. Чарга легкавікоў крыху павялічылася пасля 1 траўня, але не дасягнула рэкорду, які быў у ноч на 27 красавіка.
• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча). «Грузавы» пераход, чаргі няма з 16:00 29 красавіка.
Паводле польскіх памежнікаў, 2 траўня на выезд з Польшчы ў Беларусь няма чэргаў: час чакання – нуль хвілінаў.
Паводле літоўскіх памежнікаў, час чакання выезду з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі такі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 159), без чакання для легкавікоў. У Шальчынінкаі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 69), без чакання – для легкавікоў. Звесткі пра «2159 гадзінаў» могуць быць тэхнічнаю памылкаю (гэта 36 дзён чакання), іх не мяняюць, яны могуць быць максімальным паказнікам у сістэме.
У латышскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але паводле грузавога парталу Cargo.lv, пераходу мяжы ў Беларусь цяжкавікі могуць чакаць 5 гадзінаў.
Што пішуць у чатах
«Грыгораўшчына – Патэрніекі». Чэргаў практычна няма: хіба з’яўляюцца некалькі машынаў. З Беларусі ў Латвію можна праехаць за гадзіну без даглядаў, але з Латвіі ў Беларусь могуць 2,5 гадзіны даглядаць на беларускім пункце пропуску.
«Каменны Лог – Мядзінінкай». Чарга з Літвы ў Беларусь невялікая: перад шлагбаумам нікога няма, на пераходзе перад мытняю – два дзясяткі машынаў, увесь пераход мяжы легкавіком заняў у аднаго з карыстальнікаў 3 гадзіны 50 хвілінаў, у другога – 3 гадзіны. Але аўтобусам з Менску ў Вільню ў аднаго карыстальніка на пераход мяжы пайшло 6 гадзінаў, у другога амаль 8 гадзінаў, трэцяму пашанцавала прайсці мяжу за 3 гадзіны 20 хвілінаў. У іншым чаце прагназуюць, што пераход мяжы з Літвы ў Беларусь зойме з 6 гадзінаў легкавіком і 2,5 гадзіны аўтобусам, з Беларусі ў Літву – 12,5 гадзіны легкавіком і 5,5 гадзіны аўтобусам.
«Беняконі – Шальчынінкай». На чэргі легкавікоў не наракаюць. Аўтобус Горадня – Вільня прайшоў мяжу за дзве з невялікім гадзіны. Аўтобус Менск – Марыямпаль – Варшава прайшоў мяжу за 4,5 гадзіны, але тое праз доўгае чаканне пасажыра, якога ўрэшце знялі з аўтобуса за бутэльку алкаголю. У іншым чаце прагназуюць, што пераход мяжы машынай у абодва бакі зойме больш за 5 гадзінаў, аўтобусам у Беларусь – больш за дзве гадзіны, аўтобусам у Літву – амаль тры.

«Берасце – Тэрэспаль». З польскага боку чарга легкавікоў то павялічвалася, то змяншалася, пераход мяжы займаў 4–12 гадзінаў, каму як шанцавала. На раніцу чарга амаль зусім знікала, мяжу можна было праскочыць за гадзіну – паўтары. Уначы была чарга з дзясятка аўтобусаў, пераход мяжы займаў да 7 гадзінаў, але на раніцу паскорыўся да 2–4 гадзінаў, а чарга аўтобусаў на некаторы час зусім знікала.
З беларускага боку – усё яшчэ гіганцкі час чакання для легкавікоў. З зоны чакання цяпер выклікаюць тых, хто зарэгістраваў аўта 29 красавіка. На праходжанне мяжы легкавіком ідзе 3,5–6 гадзінаў. Значыць, тыя, каму пашанцавала, маглі прайсці зону чакання і мяжу за менш як 70 гадзінаў, каму не пашанцавала – больш за 100 гадзінаў. Аўтобусам пераход мяжы з Беларусі ў Польшчу ў аднаго з карыстальнікаў заняў 8 гадзінаў – затое, піша, амаль не правяралі рэчаў і нічога не пыталі, толькі з польскага боку прапусцілі багаж праз сканер. Другі аўтобусам прайшоў мяжу за 7 гадзінаў – як піша, «са свістам». Трэці ж наракае: падсеў у маршрутку пад шлагбаумам, а пераход мяжы ўсё адно заняў 9,5 гадзіны.
Прагноз у адным з чатаў такі: Польшча – Беларусь – 1,5 гадзіны чакання легкавіком і 4 гадзіны аўтобусам; Беларусь – Польшча – 74,5 гадзіны чакання легкавіком і 9 гадзінаў аўтобусам.
Чаму ўтварыліся чэргі, у чатах амаль не абмяркоўваюць. Памежны камітэт Беларусі вінаваціць у чэргах замежных калегаў: сцвярджае, што Польшча прапускае толькі 29 % легкавікоў ад нормы, таксама вінавацяць літоўцаў і латышоў у меншым за норму пропуску цяжкавікоў. Польскі бок працяглы час тлумачыць, што прапускае менш за норму з прычыны занятасці памежнікаў барацьбою са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам.
Сістэма з рэгістрацыяй у зоне чакання і выклікам на пераход мяжы дазваляе не начаваць у машыне, а чакаць выезду ў Берасці. Ды з гэтым таксама могуць узнікнуць праблемы: трэба шукаць месцы ў гатэлях (электронныя сэрвісы ў гэтым на момант публікацыі не дапамагаюць) або здымаць кватэру (мінімальная цана на наступную ноч – Br 140).
***
У Беларусі 2 траўня – працоўны дзень, выходныя 3 і 4 траўня, затым чатыры працоўныя дні, пасля выходныя 9, 10 і 11-га. Можна чакаць, што пэўная частка беларусаў, хто мае візы, захоча паехаць у Еўразвяз, а беларусы з эміграцыі заплануюць паездкі дадому.
Алесь Наваборскі belsat.eu