Вялікая Брытанія заклапочаная сітуацыяй вакол знікнення прадстаўніцы Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, аднак у перамовах з афіцыйным Менскам гэтае пытанне не ўздымалася.
Дэпутатка Палаты грамадаў Вялікай Брытаніі Ўэндзі Мортан задала Міністэрству замежных справаў шэраг пытанняў пра Беларусь. Адно з іх было наконт знікнення спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Адказ на яго даў дзяржаўны міністр у справах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і заморскіх тэрыторыяў Стывэн Даўці:
,,«Я занепакоены паведамленнямі пра знікненне Анжалікі Мельнікавай. Чыноўнікі МЗС уважліва сочаць за гэтай справаю».
Пры гэтым ён удакладніў, што хаця сітуацыя «застаецца незразумелай», МЗС «не падымаў гэтае пытанне перад беларускімі калегамі».
У іншым адказе на запыт Даўці падкрэсліў, што Вялікая Брытанія шчыльна супрацоўнічае з «аднадумцамі» ў Менску, сталіцах іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыях. Таксама ён нагадаў, што ў студзені 2025 года Брытанія далучылася да супольнай заявы Аўстраліі, Канады, ЕЗ і Новай Зеландыі, у якой прызнала прэзідэнцкія выбары ў Беларусі «фіктыўнымі».
Акрамя таго, міністр адзначыў, што са жніўня 2024 года Лондан вылучыў каля 2,5 млн фунтаў (3,3 млн долараў) на падтрыманне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
Яшчэ 7 красавіка сталася вядома, што брытанская паліцыя не праводзіць расследавання паводле факту знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады.
Нагадаем, нядаўна кіраўнік арганізацыі «BYPOL» Аляксандр Азараў расказаў «Белсату» пра сваю версію знікнення Анжалікі Мельнікавай, якую лічыць найбольш імавернаю. Паводле яе, Мельнікава зноў паляцела адпачываць на Кубу, там яе затрымалі і выдалі беларускім сілавікам.
З польскімі праваахоўнікамі ў справе знікнення Мельнікавай кантактуе лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і паплечнік зніклай у КР Павел Латушка. На цяперашнім этапе разбірання пракурор, які вядзе справу, не дае згоды на разгалошванне далейшай інфармацыі. Але раней Латушка агучваў некаторыя дэталі расследавання, якія яму расказваў польскі бок. На некаторыя дэталі Азараў звяртае асаблівую ўвагу.
***
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года, паляцела ў Лондан. Пасля гэтага кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, але не праз асабістыя сустрэчы: казала, што хварэе. 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь. 13 сакавіка ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу – імаверна, тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі. У Польшчы трывае расследаванне ейнага знікнення, падазраюць незаконнае пазбаўленне волі.
Надзея Вольная belsat.eu