Цэны на маторнае паліва на бензастанцыях Беларусі 3 траўня зноў вырастуць на 2 капейкі, паведаміў дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім».
З найбліжэйшай суботы цэны за літр паліва будуць наступныя:
• АІ-92-К5-Еўра – Br 2,5,
• АІ-95-К5-Еўра – Br 2,6,
• АІ-98-К5-Еўра – Br 2,82,
• дызельнае паліва – Br 2,6.
Гэта восьмае падаражэнне аўтамабільнага паліва сёлета і, як абяцаў «Белнафтахім», апошняе.
Раней «Белнафтахім» паведамляў, што паступова падвысіць цэны на паліва на 16 капеек за літр. Падаражэнне запланаванае кожныя два тыдні. Першае было 15 сакавіка.
Ці будзе яшчэ перагляд цэнаў у 2025 годзе, не ўдакладняюць.
Гандлёвая вайна Доналда Трампа ўсё больш выразна даецца ў знакі: падаюць фондавыя рынкі, таннее нафта, узнікла пагроза сусветнай рэцэсіі. У рынкавых эканоміках праз гэта чакаецца зніжэнне цэнаў бензіну пасля патаннення нафты. Гэтак, ва Украіне на канец красавіка паліва патаннела на 0,15–1,3 %.
У рынкавых эканоміках гэта простая залежнасць, аднак не ў Беларусі, дзе паліва ўсцяж даражэе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu