навіны

Ігар Лосік – у сусветным спісе зняволеных журналістаў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя

Ігар Лосік
Ігар Лосік. Скрыншот з відэа ОНТ.
podpis źródła zdjęcia

Сусветнае аб’яднанне медыяарганізацыяў «One Free Press Coalition» 1 траўня апублікавала штогадовы спіс «10 самых надзвычайных» (10 Most Urgent) з імёнамі зняволеных па ўсім свеце журналістаў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. Сярод іх – беларускі журналіст Ігар Лосік, які за кратамі ўжо амаль пяць гадоў, заўважыла радыё «Свабода».

Банер з палітзняволеным журналістам і актывістам «Саюза палякаў Беларусі» Анджэям Пачобутам. Беласток, Польшча. 20 студзеня 2023 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / EAst News
Лосік схуднеў, Пачобут «трымае марку», Аляксандраў «выязджае» на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-1 Гісторыі

Спіс «10 Most Urgent» звяртае ўвагу на спробы ўрадаў недэмакратычных краінаў крыміналізаваць журналістыку, задушыць незалежныя медыі і схаваць інфармацыю ад грамадскасці.


Акрамя Ігара Лосіка, у спіс трапілі Уладзіслаў Есіпенка – карэспандэнт праекту «Крим.Реаліï» Украінскай службы радыё «»Свабода», які ўжо чатыры гады застаецца ў расейскім зняволенні, журналісты з Ганконгу, М’янмы, Філіпінаў, В'етнаму, Азербайджану, Кітаю, Кыргызстану і Турцыі.


Паводле звестак CPJ (Камітэт абароны журналістаў), на канец 2024 года па ўсім свеце за кратамі быў 361 журналіст (у 2023 годзе былі 320).


У 2024 годзе двое фігурантаў спісу «10 Most Urgent» – Эван Гершкавіч з «Wall Street Journal» і Алсу Курмашава з Татара-Башкірскай службы радыё «Свабода» – выйшлі на волю ў выніку абмену вязнямі паміж ЗША і Расеяй.


Ігару Лосіку 32 гады. Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх», арт. 293 – «Масавыя беспарадкі» і арт. 130 – «Распальванне варожасці».


На знак пратэсту Ігар цягам 41 дня – з 15 снежня 2020 года да 25 студзеня 2021-га – трымаў галадоўку. У сакавіку 2021 года зняволены журналіст на вачах у следчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.


14 снежня 2021 года Гомельскі суд асудзіў Лосіка на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Журналіст адбывае пакаранне ў калоніі № 1 у Наваполацку. Яго трымаюць у рэжыме інкамунікада – апошні ліст ад палітвязня бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 года.


18 кастрычніка 2022 года сілавікі затрымалі Ігараву жонку Дарю Лосік. Яе абвінавацілі ў «судзеянні экстрэмісцкай дзейнасці». Дар’ю асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 года.


Станам на 2 траўня ў Беларусі за кратамі застаюцца 40 журналістаў і працаўнікоў медыяў. У Сусветным індэксе свабоды прэсы нашая краіна займае 166-е месца са 180.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10