навіны

ЗША больш не будуць пасярэднікам у перамовах паміж Расеяй і Украінай

Прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус
Прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус. Фота: Yasin Ozturk / Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Злучаныя Штаты Амерыкі больш не плануюць быць пасярэднікам ва ўрэгуляванні вайны паміж Расеяй і Украінай, заявіла падчас брыфінгу 1 траўня прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус.

Вашынгтон усё яшчэ зацікаўлены ў міры і будзе спрыяць яго дасягненню, аднак цяпер галоўныя крокі мусяць быць ад Масквы і Кіеву, якім трэба выпрацаваць канкрэтныя прапановы для ўрэгулявання канфлікту.

,,

«Мы не будзем пасярэднікамі. Мы не будзем у два мігі прылятаць на іншы канец свету, каб мадэраваць сустрэчы. Цяпер праца мусіць весціся паміж двума бакамі», – сказала Тэмі Брус.


Чытайце таксама:
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймз Дэйвід Вэнс. Фота: Vice President JD Vance / Facebook

Міру пакуль не будзе. Віцэ-прэзідэнт ЗША Вэнс даў на перамовы яшчэ 100 дзён

Пры гэтым тое, што бакі ўвогуле пачалі размаўляць, а таксама падпісанне ўгоды з Украінай прадстаўніца Дзярждэпу назвала галоўнымі дасягненнямі адміністрацыі Трампа.


ЗША не будуць здымаць санкцыяў, якія цяпер дзеюць у дачыненні Расеі. Таксама Вашынгтон пакідае за сабой права на ўвядзенне новых абмежаванняў у выпадку неабходнасці.


Раней у інтэрв’ю «Fox News» дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў зазначаў, што ЗША не збіраюцца адмаўляцца ад спробаў дасягнуць мірнага пагаднення, але ў нейкі момант Трамп мусіць вызначыць, колькі часу ён яшчэ гатовы на гэта выдаткаваць, бо ў свеце ёсць шмат важнейшых праблемаў.


«Не тое каб вайна ва Украіне не важная, але я б сказаў, што тое, што адбываецца з Кітаем, важнейшае ў доўгатэрміновай перспектыве для будучага свету», – сказаў чыноўнік.


Пра гэта ж сказала і Тэмі Брус – што Трамп «усведамляе, што ёсць іншыя часткі свету, цэлая планета, якая патрабуе пэўнай увагі».


Віцэ-прэзідэнт Джэймз Дэйвід Вэнс у каментары «Fox News» таксама выказаўся наконт працягу мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй. Гэтую тэму ён закрануў, падсумоўваючы першыя 100 дзён прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, які абяцаў скончыць вайну за 24 гадзіны.


Чыноўнік сказаў, што ў ЗША ёсць шмат пытанняў вонкавай палітыкі, над якімі яны працуюць і якія так ці інакш будуць зрэалізаваныя цягам наступных 100 дзён.


Паводле Вэнса, «першы і неабходны крок да залагоджвання расейска-ўкраінскага канфлікту – прымусіць кожнага з яго бакоў зрабіць мірную прапанову», што і зрабілі ЗША.


Позна ўвечары 1 траўня расейскія войскі нанеслі масавы ўдар беспілотнікамі па ўкраінскім Запарожжы. Атака выклікала некалькі пажараў, пацярпелі амаль 30 асобаў. Расейцы запусцілі па Запарожскай вобласці 349 дронаў, учынілі 214 артылерыйскіх абстрэлаў, 17 авіяўдараў і 9 удараў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.


28 красавіка прэс-служба Крамлю паведаміла, што Уладзімір Пуцін абвясціў поўнае прыпыненне баявых дзеянняў на 8–10 траўня. Расея мяркуе, што «ўкраінскі бок мусіць пераняць гэты ўзор». Калі гэтага не здарыцца, Крэмль абяцае «адэкватны і эфектыўны адказ».


Папярэдняе замірэнне, якое абвяшчаў Пуцін, велікоднае, мусіла дзеяць з 18:00 19 красавіка да 00:00 21 красавіка. Аднак Расея парушыла сваё ж абяцанне цішыні на Вялікдзень 2935 разоў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10