навіны

Беларусь заняла 166-е месца ў Індэксе свабоды прэсы 2025: на адну прыступку вышэй, чым летась

Аўтар ілюстрацыі – мастак Дэ Лёс.
Аўтар ілюстрацыі – мастак Дэ Лёс. Крыніца: Белсат
podpis źródła zdjęcia

3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку. Да гэтай даты міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы 2025. Яго галоўныя тэзісы пераказала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У 2024–2025 гадах асноўнымі праблемамі, з якімі па ўсім свеце сутыкаюцца медыі, сталіся эканамічны крызіс, палітызацыя, судовыя расправы над незалежнымі медыямі.


Па незалежных СМІ Еўропы і Цэнтральнай Азіі моцна ўдарыла спыненне дапамогі ЗША і ўзмацненне расейскай прапаганды. Адміністрацыя Трампа прыпыніла фінансаванне для «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа» і Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця (USAID). Гэтыя крокі канкрэтнай краіны істотна паслабілі медыйны сектар ва ўсім свеце.


Ва Украіне, якая заняла 62-е месца ў Індэксе свабоды прэсы 2025 года, каля 90 % рэдакцыяў выжывалі за кошт субсідыяў, найперш амерыканскіх. Спыненне амерыканскага фінансавання паставіла пад пагрозу асвятленне расейскай агрэсіі і карупцыі.


Беларусь заняла ў Індэксе 166-е месца. У 2024 годзе было 167-е. Але не трэба спяшацца радавацца, папярэджвае БАЖ.

,,

«Сітуацыя са свабодай прэсы засталася стабільна паганай. Проста Азербайджан прапусціў «саюзніка» (Беларусь – рэд.) наперад, бо ягоны рэйтынг упаў адразу на тры пункты праз рэзкае пагаршэнне сітуацыі (Азербайджан апынуўся на 167-м месцы – рэд.)», – тлумачаць беларускія журналісты.


Суд у Беларусі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: TUT.by
Дзвюм былым журналісткам TUT.by вынеслі завочныя прысуды навіны

Станам на 2 траўня ў Беларусі 40 журналістаў і працаўнікоў медыяў у зняволенні.


Расея ў Індэксе ажно на 11 пазіцыяў ніжэйшая за Беларусь – на 177-м месцы.


Грузія апынулася на 114-м месцы. У краіне рэкламны рынак кантралюе алігарх і старшыня кіраўнічай партыі Бідзына Іванішвілі, а закон «Аб замежным уплыве» блакуе альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання медыяў. У 2024 годзе Грузія займала ў Індэксе 104-е месца, у 2023-м – 77-е.


Наступствы эканамічнага крызісу адчуваюцца і ў Еўразвязе, і на Балканскім паўвостраве, дзе дагэтуль адкладваецца рэалізацыя еўрапейскага рэгламенту свабоды прэсы (EMFA), зазначае БАЖ.


Так, у Славаччыне (38-е месца), Босніі (86-е месца), Сербіі (96-е месца) і Косаве (займае 99-е месца, самае нізкае ў зоне ЕЗ – Балканы) грамадскія СМІ змагаюцца за выжыванне праз скарачэнні бюджэтаў і палітычны ціск.


Блізкасць паміж СМІ і ўладай унутры Еўразвязу праяўляецца ў непразрыстым і несправядлівым размеркаванні дзяржаўнай рэкламы. Гэтак адбываецца ў Вугоршчыне (68-е месца) і на Кіпры (77-е месца).


Албанія (80-е месца) і Грэцыя (89-е месца) ілюструюць сітуацыю з канфліктам інтарэсаў. На незалежныя СМІ часта ціснуць судовымі пазовамі, што наносяць ім фінансавыя страты – гэтая тэндэнцыя назіраецца ў Харватыі (60-е месца) і Балгарыі (70-е месца).


«Рэпарцёры без межаў» адзначаюць і пазітыўныя тэндэнцыі. Польшча (31-е месца) палепшыла свае пазіцыі ў Індэксе, спыніўшы неабгрунтаваныя судовыя пазовы супраць прэсы. Аўстрыя (22-е месца) дэманструе станоўчую дынаміку ў эканоміцы СМІ. А Эстонія (2-е месца) становіцца краінай з самай высокай свабодай прэсы ў Еўразвязе – услед за Нарвегіяй, якая займае 1-е месца.


Агулам у Індэксе свабоды прэсы – 180 краінаў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10