У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў. «Белсат» сабраў у адно апошнія факты, якія сталіся вядомыя пра пераслед людзей з палітычных матываў.
Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязнямі яшчэ восем асобаў. Гэта Аляксандр Ляўковіч, Андрэй Філін, Уладзімір Цыбульскі, Ірына Суржык, Дзмітрый Іванчыкаў, Андрэй Лагвіненка, Таццяна Шымко, Сяргей Зелянкоўскі. Цяпер у Беларусі сама меней 1206 палітычных зняволеных.
Апошні ў спісе палітвязняў – Сяргей Зелянкоўскі – працаваў наладчыкам станкоў з «Пеленга». Яму 51 год. Дакладная дата яго затрымання невядомая, але гэта адбылося пасля аблавы на «Пеленгу», якая некалькі месяцаў працягвалася з ліпеня 2024 года. Людзей правяралі на паліграфе, праглядалі іх тэлефоны, а таксама выклікалі на размовы. Дагэтуль выходзіла расследаванне «BELPOL» пра тое, як «Пеленг» абыходзіць санкцыі. Зелянкоўскага асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 КК за заклікі да санкцыяў.
Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак расказаў пра новую тактыку сілавікоў, што тыя ўжываюць у дачыненні беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму і маюць «пратэставы бэкграўнд».
,,«Акрамя класічных затрыманняў на мяжы ці арыштаў троху пазней пасля прыезду дадому, цяпер сілавікі пачалі ўжываць тактыку завядзення крымінальнай справы і абмежавання выезду для фігуранта. То бок чалавек не ў СІЗА, але пад следствам і з абмежаваннем выезду», – адзначыў ён.
У сваю чаргу кіраўнік арганізацыі «BYPOL» Аляксандр Азараў расказаў «Белсату» пра версію знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, якую лічыць найбольш імавернаю. На яго думку, Мельнікава зноў паляцела адпачываць на Кубу, там яе затрымалі і выдалі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Тым часам з’явілася фота былога палітзняволенага Юрася Зянковіча, які быў вызвалены 30 красавіка. На фотаздымку ён са сцягам ЗША побач з намеснікам адмысловага пасланніка ЗША ва Украіне Джонам Коўлам. Відаць, што Зянковіч істотна паправіўся з моманту, калі яго дэманстравала лукашэнкаўская прапаганда ў верасні 2024 года і студзені 2025-га.
Якуб Хруст belsat.eu