Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка 1 траўня ў эфіры «Студыі Белсат» пракаментаваў вызваленне Менскам на запыт Вашынгтону беларускага палітвязня Юрася Зянковіча, які мае грамадзянства ЗША. Таксама ён выказаўся наконт магчымага вызвалення іншых палітычных зняволеных.
Вадзім Мажэйка адзначыў, што «ўсе краіны так ці інакш вымушаныя рэагаваць на дзеянні Доналда Трампа, мякка кажучы незвычайныя і нетыповыя». Для Менску самае простае, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і аказаць паслугі Трампу – вызваліць каго-небудзь з амерыканскіх грамадзянаў ці журналістаў радыё «Свабода», «якія таксама заўсёды ў амерыканскім фокусе адносна вызвалення». І хоць Юрась Зянковіч, як грамадзянін ЗША, асуджаны ў Беларусі на 11 гадоў, «у вачах Менску можа выглядаць як моцны сігнал», пакуль незразумела, «ці так яго пабачаць у Вашынгтоне».
Пры гэтым Зянковіч мае і грамадзянства Беларусі, але дзяржаўныя рэсурсы гэтага не згадваюць, падкрэсліваючы перадусім ягоны амерыканскі пашпарт. На думку Мажэйкі, гэта чарговае сведчанне таго, што ўлады «гатовыя ігнараваць беларускае грамадзянства кагосьці, калі яны лічаць, што ён ужо не беларус», як гэта было ў выпадку з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у 2020 годзе або ў дачыненні да палітэмігрантаў.
,,«У Менску яны могуць нават не разумець, наколькі гэта рэпутацыйна двухсэнсоўна выглядае. Тое самае, як і падкрэсліванне, што гэта просьба Вашынгтона. Для Менску тут хутчэй важна, што гэта робіцца фактычна крок насустрач Вашынгтону», – сказаў Мажэйка.
Ён падкрэсліў, што вызваленне Зянковіча – гэта не абмен: «Вашынгтон нічога не зрабіў са свайго боку – проста захацеў і атрымаў, што захацеў». А Менск яму падгуляў.
Менск ідзе толькі на сімвалічныя крокі
Мажэйка адзначыў, што Менск можа нічога і не атрымаць за вызваленне амерыканскіх грамадзянаў і журналістаў радыё «Свабода», хоць раней казалася пра перамовы адносна магчымага зняцця санкцыяў з беларускага калію. На яго думку, зняцце санкцыяў, імаверна, звязанае з масавым вызваленнем беларускіх палітвязняў, а не кропкавым. А ўлады Беларусі, заявіў аналітык, не толькі не ідуць на гэта, але і працягваюць новыя затрыманні.
«Менск ідзе на сімвалічныя крокі, але прынцыпова не мяняе сваю палітыку, не робіць пакуль прынамсі масавага вызвалення. Нават Менск не скарыстаўся цудоўнай магчымасцю праявіць «гуманізм» да юбілею Вялікай Перамогі – палітычныя не трапілі пад амністыю», – сказаў Мажэйка.
Пры гэтым ён згадаў, што менавіта цяпер пачаўся візіт дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай у ЗША: «Відавочна, што гэта таксама сігнал, што ёсць жэсты з розных бакоў». Цяпер трэба глядзець, ці здолеюць дэмакратычныя сілы лепш дамовіцца за ўлады ў Менску.
Мажэйка адзначыў, што перамовы Вашынгтону з Менскам часткова звязаныя і з перамовамі адносна перамір’я ва Украіне. Тым больш, што паспяховасць «традыцыйных спробаў» Лукашэнкі гуляць на супярэчнасцях Захаду і Расеі «засталася шмат у чым у мінулым».
,,«Пасля 2020 года ён сам сябе тут моцна абмежаваў, і таму ў цяперашнім кантэксце Лукашэнка калі і спрабуе нешта рабіць, то робіць хіба тое, што дазваляюць у Маскве», – сказаў ён.
Палітвязні – праблема беларусаў
Мажэйка таксама адзначыў, што беларускіх палітвязняў (1206 асобаў на гэты момант паводле падлікаў «Вясны») персанальна цікавыя толькі самым беларусам. Сярод іншых краінаў за іх, на жаль, хутчэй за ўсё, ніхто моцна не ўпішыцца». Таму тут важна палітыкам, медыям, аналітыкам і іншым патрабаваць калектыўнага вызвалення зняволеных.
«Важна прыкладаць намаганні, каб дамагчыся вызвалення людзей. Але галоўнае, каб не стварыць для рэжыму сітуацыю, калі палітвязні будуць, як новы калій: што можна саджаць новых людзей і за іх вызваленне атрымліваць нейкія бенефіты», – падкрэсліў Мажэйка.
Нагадаем, што 30 красавіка быў вызвалены беларускі палітвязень з амерыканскім грамадзянствам Юрась Зянковіч. Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў адзначыў з гэтай нагоды, што «Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША».
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант падкрэсліла, што палітзняволенага выпусцілі на просьбу Адміністрацыі прэзідэнта ЗША. У той жа час палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначыў, што Эйсмант, «мякка кажучы, хітруе», бо ў Зянковіча ёсць і грамадзянства Беларусі, якое для беларускіх уладаў мусіць пераважаць над амерыканскім.
Якуб Хруст belsat.eu