Шуфлядка

Псіхолаг адказаў на пытанні пра эмацыйнае выгаранне

Фота: Daga_Roszkowska / pixabay
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Daga Roszkowska / pixabay
podpis źródła zdjęcia

Што такое эмацыйнае выгаранне? Якія ягоныя сімптомы? Як не выгараць? Пра гэта расказаў псіхолаг Артур Удрыс у эфіры «Раніцы з «Белсатам».

Артур тлумачыць, што эмацыйнае выгаранне – гэта ўстойлівы стан, які можа суправаджацца стомаю, праблемамі са сном і апетытам, адсутнасцю матывацыі, пачуццём бессэнсоўнасці ўсяго, што чалавек рабіў дагэтуль.

Яшчэ адзін важны сімптом – калі тыя рэчы, што давалі раней энергію, пачалі яе забіраць. Напрыклад, чалавек звычайна бавіў час з сябрамі, каб адпачыць. Але ў стане эмацыйнага выгарання яму падаецца, што сустрэча з сябрамі – нешта занадта цяжкое і складанае, таму лепш застацца ўдома. І гэта толькі пагаршае сітуацыю.

«Тое, што раней давала энергію, давала сілы, цяпер можа забіраць. Чалавек засяроджваецца вакол працы. Усе свае іншыя кантакты ўразае паводле рэшткавага прынцыпу, бо няма сілаў. Праз гэта яму яшчэ горш, бо застаецца толькі праца – і, уласна, усё ідзе далей», – кажа Артур.

Псіхолаг падкрэслівае, што эмацыйнае выгаранне адрозніваецца ад звычайнага ўпадку духу і кепскага настрою тым, што гэты стан доўжыцца больш за два тыдні. Апошняя стадыя выгарання – дэпрэсія.

Каб выгараць, зусім неабавязкова шмат працаваць. Дый выгараць можна не толькі на працы, але і на вучобе ці ўдома.

,,

«Па вялікім рахунку, выгаранне – гэта такая розніца паміж тым, што я хацеў атрымаць, і тым, што я атрымаў. То бок я ўкладваю нейкія сілы і спадзяюся нешта за гэта атрымаць».


Гэтым тлумачыцца тое, што хтосьці перапрацоўвае і не губляе матывацыі, а хтосьці працуе нават менш, чым трэба, а ўсё роўна выгарае. Выгараць дапамагаюць як вонкавыя адмоўныя чыннікі, напрыклад, таксічныя калегі, так і ўнутраныя – калі чалавек сам абясцэньвае свае высілкі.

Асабліва схільныя да выгарання перфекцыяністы. Іншы прыклад, што прывёў Артур, – мамы ў дэкрэце.

На ранніх стадыях выйсці з такога стану можна і самастойна. Калі ж у час не адрэагаваць, давядзецца звярнуцца да спецыяліста.

Каб пазбегчы эмацыйнага выгарання, па-першае, цаніце свае высілкі, не абясцэньвайце зробленага вамі. Па-другое, не змешвайце працу і адпачынак. На працы – працуйце, на адпачынку – адпачывайце. Не варта ў вольны час думаць або гаварыць пра працу. Інакш можа трапіць у заганнае кола.

,,

«Вось чаму людзі, напрыклад, пракрастынуюць. Бо няма сілаў. То бок я не адпачываю, калі ў мяне час адпачынку, бо я думаю, насамрэч, пра працу. То бок фізічна я, можа быць, адпачываю, але ментальна – не. А потым няма сілаў, каб залучыцца ў працу, бо я ўвесь гэты час не адпачываў».


Дбайце пра сябе, шукайце тыя рэчы і тыя шляхі, што дапамагаюць вам зберагчы ментальнае здароўе!

Поўную версію гутаркі з Артурам Удрысам глядзіце ў праграме «Раніца з «Белсатам»:

belsat.eu / АВ

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10