Беларуская праваабарончая супольнасць абвясціла пра папаўненне спісу палітвязняў: у краіне з’явіліся яшчэ васьмёра грамадзянаў, асуджаных за мірнае выказванне меркавання. Усе яны трапілі за краты за выказванне палітычных поглядаў, крытыку ўладаў, удзел у незалежных ініцыятывах ці онлайн-актыўнасць.
Сярод новых прызнаных палітвязняў – Аляксандр Ляўковіч, Андрэй Філін, Уладзімір Цыбульскі, Дзмітрый Іванчыкаў і Андрэй Лагвіненка, якія атрымалі тэрміны за «абразы Лукашэнкі» і прадстаўнікоў улады.
Таксама палітвязнямі прызналі Ірыну Суржык і Сяргея Зелянкоўскага – за заклікі да санкцыяў, а Таццяну Шымко – за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» і крытыку прадстаўніка ўлады, паведамляе «Вясна».
Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў. Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што дыфамацыйныя артыкулы (прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў), згодна з міжнароднымі стандартамі, не павінны весці да пазбаўлення волі. Праваабаронцы чарговы раз патрабуюць дэкрыміналізаваць «абразлівыя» артыкулы і вызваліць усіх асуджаных за словы ці перакананні.
Гэтак, на сёння ў краіне 1206 афіцыйна прызнаных палітычных вязняў.
Нагадаем, што апошнім часам улады ўсімі сродкамі хаваюць сляды пераследу паводле палітычных артыкулаў, не выдаючы, напрыклад, на рукі копіяў пратаколаў пра затрыманні, каб пазбавіць магчымасці даказаць пераслед «за палітыку» дакументальна.
Раман Шавель belsat.eu