Аналітыка

«Махавік пераемнасці» вакол персаналісцкай улады Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Магілёўскай вобласці, Беларусь
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Магілёўскай вобласці, Беларусь. 22 красавіка 2025 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

«Махавік пераемнасці павінен працаваць так, каб ніводны ўплыў звонку не здолеў пахіснуць закладзеныя намі ўстоі», – сказаў Лукашэнка перад днём галасавання на поўнасцю падкантрольных яму «прэзідэнцкіх выбарах». Гэта выказванне з студзеня 2025 года гучыць як афіцыйная догма беларускага кіроўнага рэжыму. Але гаворка ідзе не пра сапраўдную пераемнасць улады, а пра яе вечную канцэнтрацыю ў адных руках.

Лукашэнка пачаў кіраванне ў 1994 года з указаў, якімі перамяшчаў мясцовых чыноўнікаў і абласных кіраўнікоў КДБ з месца на месца, каб яны не зрасталіся з мясцовымі элітамі і не набывалі ўплыў. Пры гэтым пра яго першы ўрад газета «Звязда» тады афарыстычна напісала «КЕБІнет міністраў», бо не гледзячы на бачнае супрацьстаянне на выбарах з прэм'ер-міністрам Вячаславам Кебічам, барацьбу з наменклатурай, бюракратыяй і карупцыяй Лукашэнка насамрэч проста яе падпарадкаваў сабе. Утварэнне «прэзідэнцкай вертыкалі» на руінах выканаўчых камітэтаў мясцовых Саветаў, паступовае перацягванне ўладных функцый ад іншых галінаў уладаў прывяло да фармавання кансалідаванага персаналісцкага рэжыму, у якім палітолагі Уладзімір Роўда і Віктар Чарноў знайшлі прыкметы аўтарытарызму з элементамі султанізму, з уласцівым яму валюнтарызмам, прыдворнай палітыкай і пераўтварэннем у дэкарацыю функцый інстытуцый падзелу ўлады.

Адной з важных характарыстык палітычнай сістэмы Беларусі стала пераразмеркаванне адказнасці, але не паўнамоцтваў. Лукашэнка традыцыйна прысвойвае сабе ўсе поспехі, адначасова перакладаючы віну за няўдачы на чыноўнікаў. Так чыноўнікі ператвараюцца ў своеасаблівых «ахвярных казлоў», якія адказваюць за пралікі «таго, хто крыху вышэй за Бога». Пры гэтым рэальнага пераразмеркавання паўнамоцтваў не адбываецца.

Часам Лукашэнка дэманструе на словах гатовасць перадаць асобныя аператыўныя паўнамоцтвы ўраду ці іншым органам улады, але гэтыя анансаваныя змены амаль ніколі не даходзяць да практычнай рэалізацыі. У выніку, вертыкаль улады застаецца нязменнай, а ўсе ключавыя рашэнні прымаюцца адным чалавекам.

Рэгістрацыя кандыдатаў на прэзідэнцтва, 1994 год. Аляксандр Лукашэнка, Васіль Новікаў, Вячаслаў Кебіч. Фота: «Свабода»
Рэгістрацыя кандыдатаў на прэзідэнцтва, 1994 год. Аляксандр Лукашэнка, Васіль Новікаў, Вячаслаў Кебіч. Фота: «Свабода»
Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыноўнікі падчас сёмай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 25 сакавіка 2025 года. Скрынштот відэа Белта/youtube

Чаму Лукашэнка перастаў крытыкаваць «крэпкіх хазяйственікаў»?

Часам сярод палацавых гульцоў узнікала ідэя зрабіць нейкія інстытуцыі, якія б маглі бараніць іх ад валюнтарызму неабмежаванага кіраўніка, зрабіць асобныя ад палацавай палітыкі ліфты да ўлады, але нават пагаджаючыся на словах на мэтазгоднасць нечага такога, Лукашэнка звычайна тарпедаваў такія ініцыятывы. Дзесяцігоддзямі адбываўся рух да фармальнага стварэння палітычнай партыі, якая была б увасабленнем «партыі ўлады», і толькі пасля поўнай стэрылізацыі публічнай палітыкі Лукашэнка пагадзіўся на пераўтварэнне праўладнай арганізацыі «Белая Русь» у палітычную партыю. Толькі цяпер яна не мае нейкай рэальнай ролі.


У Канстытуцыі Беларусі запісалі статус Усебеларускага народнага сходу (УНС) як найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя». Заяўлялася, што УНС, ці прынамсі яго прэзідыум будзе «калектыўным Лукашэнкам», але вось прайшло два гады, а першае ўстаноўчае паседжанне УНС, якое планавалася на красавік 2025 года, так і не адбылося. Эксперты адзначаюць: гэты орган – не больш чым дэкарацыя. Як заўважыў палітолаг Валер Карбалевіч:

,,

«Лукашэнка сам стварыў новую структуру, надаў ёй канстытуцыйны статус, а цяпер не ведае, як убудаваць у палітычную сістэму. Пакуль ён кіруе, то ўсе дзяржаўныя інстытуты Беларусі падпарадкоўваюцца яму».


Чытайце таксама:
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, чалец Савету Рэспублікі Сяргей Хаменка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк на Мамаевым кургане. Валгаград, Расея. 28 красавіка 2025 года. Фота: housegovby / Telegram

«Беларусам – не насіць». Ідэолагі расказалі, ці забароненая ў Беларусі георгіеўская стужка

Палітолаг абапіраецца на словы самога Лукашэнкі, які пасля надання канстытуцыйнага статусу УНС і перад хуткім быццам бы скліканні УНС заявіў: «Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў».

Анансаваная на красавік 2025 года ўстаноўчая сесія УНС так і не адбылася і была забытая. Трэба зазначыць, што праект інстытуалізацыі УНС прайшоў вялікі шлях, але так пакуль не набыў нават уяўных уладных паўнамоцтваў. Роўна так, як забываліся як па камандзе на іншыя ініцыятывы па рэфармаванні палітычнай сістэмы Беларусі – падобна, што любая рэформа мусіць прывесці да паніжэння канцэнтрацыі ўлады ў руках Лукашэнкі, бо сёння гэта напэўна блізка да абсалюту. Таму калі ад слоў пераходзяць да канкрэтыкі, то задача не знаходзіць рашэння.

Прызначэнне Аляксандра Турчына прэмʼер-міністрам у сакавіку 2025 года (чамусьці гэта адбылося перад інаўгурацыяй і чамусьці пасля яе новы ўрад не склаў паўнамоцтвы) пацвердзіла гэту тэндэнцыю. Яго першая заява – «ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу не будзе» – гучыць як дакладны пераказ слоў Лукашэнкі. Гэта не новы кіраўнік ураду, а хутчэй новы выканаўца старых загадаў.

Аляксандр Турчын. Фота: Belta.by
Аляксандр Турчын. Фота: Belta.by

Калючы парадокс сітуацыі ў тым, што «устоямі», пра якія гаворыць Лукашэнка, фактычна зʼяўляецца яго асабістая ўлада. Калі Нацбанк (фармальна незалежны орган) атрымлівае ўказанні «выконваць даручэнні прэзідэнта», калі кожны новы старшыня ўрада паўтарае дакладна тыя ж тэзісы – гэта не сістэма пераемнасці, а яе імітацыя.

,,

«Махавік пераемнасці» Лукашэнкі нагадвае не механізм перадачы ўлады, а хітрую спружынную цацку: яна стварае ілюзію руху, але заўсёды вяртаецца ў пачатковы пункт. Нехта з фрэндаў у Facebook трапна заўважыў: «Гэта не махавік, а карусель – круцішся-круцішся, а ўсё апынаешся там, дзе быў».


Урэшце рэшт, усё гэта падводзіць да аднаго выніку: пакуль «махавік» круціцца вакол адной асобы – ніякай сапраўднай пераемнасці ў Беларусі не адбудзецца. І як паказвае гісторыя, механізм персаналісцкага рэжыму рана ці позна ламаецца.


Паўлюк Быкоўскі, старэйшы аналітык Media IQ для belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10