навіны

«Tesla» шукае замену Маску. Сам мільярдэр збіраецца пакінуць Белы дом

Ілан Маск. Фота: Nora Tam / South China Morning Post via Getty Images
Ілан Маск. Фота: Nora Tam / South China Morning Post via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Рада дырэктараў кампаніі «Tesla» шукае замену Ілану Маску ў звязку з незадаволенасцю інвестараў ягонаю палітычнай актыўнасцю. У той жа час сам мільярдэр намякае, што можа пакінуць Белы дом.  

Як паведамляе «The Wall Street Journal» са спасылкаю на інфармаваныя крыніцы, у кампаніі «Tesla» пачалі шукаць новага генеральнага дырэктара, які можа змяніць Ілана Маска. Паводле выдання, такую пастанову абмяркоўвалі каля месяца таму на фоне падзення акцыяў і нарастання крытыкі з боку інвестараў, занепакоеных тым, што Маск зашмат увагі надае палітыцы.

Пасля перамогі Доналда Трампа на выбарах у лістападзе 2024 года капіталізацыя «Tesla» ненадоўга вырасла да рэкордных 1,5 трыльёна долараў: інвестары спадзяваліся на шчыльную сувязь Маска з новай адміністрацыяй. Але ўжо да пачатку 2025-га яна ўпала да 900 мільярдаў. Унутраныя апытанні выявілі, што шмат якія работнікі лічаць палітычную актыўнасць заснавальніка абцяжарвальнаю для кампаніі.

Дадаліся і іміджавыя праблемы ў Еўропе: публічнае падтрыманне Маскам правых партыяў выклікала незадаволенасць уладальнікаў «Tesla» ў Нямеччыне і Вялікай Брытаніі – на аўтамабілях з'явіліся налепкі пратэсту. Акрамя таго, уведзеныя Трампам мыты на кітайскія тавары сарвалі планы ў справе масавай вытворчасці электрацяжкавікоў «Cybercab» і «Semi».


Паводле «WSJ», Маск у прыватнай размове прызнаваўся, што ўжо не хоча заставацца генеральным дырэктарам, але сумняваецца, што нехта здолее яго замяніць. Ён нагадаў, што валодае толькі 13 % кампаніі і не атрымліваў аплаты апошнія сем гадоў. Пасля таго як суд у Дэлаўэры скасаваў 55-мільярдную кампенсацыю для Маска, у кампаніі быў створаны адмысловы камітэт для перагляду сістэмы ўзнагароджання топ-менеджменту.

У той жа час на сустрэчы ў Белым доме 30 красавіка Ілан Маск падзякаваў Кабінету міністраў ЗША за сумесную працу, назваўшы яе «гонарам» і адзначыўшы, што за першыя 100 дзён новай адміністрацыі дасягнута больш, чым у любы іншы перыяд у гісторыі. Ён выказаў удзячнасць усім, з кім працаваў, і заявіў, што такія вынікі даюць надзею на далейшы поспех, перадае CNN.

У адказ Доналд Трамп заявіў, што Маск можа заставацца «столькі, колькі захоча», і падкрэсліў, што большасць амерыканцаў паважаюць і цэняць яго. Прэзідэнт ЗША адзначыў значны ўнёсак Маска і яшчэ раз пацвердзіў, што хаця той яму і не патрэбны, але яму проста падабаецца, як працуе кіраўнік «Tesla».

На мінулым тыдні падчас канферэнцыі, прысвечанай прыбыткам кампаніі, Маск паведаміў інвестарам, што вернецца ў «Tesla» ў траўні, спыніўшы да канца красавіка большую частку сваёй дзяржаўнай працы.

На фоне фінансавых праблемаў «Tesla» 22 красавіка абвясціла пра падзенне прыбытку на 71 % і выручкі на 9 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Продажы скараціліся на 13 %, што сталася найгоршым вынікам з 2022-га. У той жа дзень Маск заявіў, што з траўня скароціць сваю прысутнасць у працы з дзяржаўнымі структурамі, пакідаючы сабе «адзін-два дні на тыдзень для дзяржаўных справаў».

Ілан Маск далучыўся да кампаніі «Tesla» ў 2004 годзе як інвестар, а ўжо ў 2008-м стаўся яе генеральным дырэктарам. У 2018-м ён пакінуў пасаду старшыні рады дырэктараў, але заставаўся фактычным лідарам кампаніі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10