Украінскі праект «Хачу жыць» заявіў, што яму вядома пра больш за 700 грамадзянаў Беларусі, якія ваююць на баку Расеі. Беларусы ва ўцякацтве адразу пачалі пасыпаць галаву попелам, адчуваць віну, сорам і выбачацца за такую няўдалую нацыю. І я лічу, што гэта дарма.
Нам бы павучыцца нарэшце ва ўкраінцаў ставіць сябе і свае інтарэсы на першае месца, а не шукаць, перад кім і за каго яшчэ ўзяць на сябе віну. Рэжым Лукашэнкі разам з расейскай прапагандаю доўга і, на жаль, паспяхова працавалі над тым, каб Беларусь у свеце ўспрымалі не як ахвяру Расеі, а як яе памочніцу. Такі падыход дазваляе іншым краінам яшчэ на падлёце адсякаць любыя абвінавачванні ў тым, што яны гадамі ці дзесяцігоддзямі падтрымлівалі рэжым Лукашэнкі.
,,Да таго ж у самой Украіне Лукашэнка быў папулярным і пасля таго, як пратэсты 2020 года былі жорстка задушаныя. І ці шмат вы бачылі, каб украінцы ў гэтым публічна каяліся? Адказ – не, бо ў іх на першым месцы яны самі, і гэта нармальна.
А нам цяпер што? Казаць, што так ім і трэба, раз яны нас не падтрымалі? Натуральна, не.
Але ж варта памятаць, што калі дзяржаўны ўкраінскі праект выкладвае спіс з больш за 700 імёнаў беларусаў з заяваю, што яны пайшлі ваяваць на баку Расеі, гэты праект выступае ў інтарэсах Украіны. Чакаць ад яго чагосьці іншага было б дзіўна, але як так склалася, што мы таксама імгненна пачынаем абараняць інтарэсы Украіны, ігнаруючы свае?
Я, вядома, выбачаюся за ўсім вядомыя ісціны, але хочацца прагаварыць: мы дзве розныя нацыі, у якіх ёсць агульны вораг і два розныя «наборы» інтарэсаў. Часткова яны перасякаюцца, але не цалкам. Мы ж бачылі, як Ігар Кізім прыязджаў у гомельскую жаночую калонію і ішоў на кантакт з рэжымам Лукашэнкі, каб вызваліць украінскіх грамадзянаў. Мы бачым, як абмен палоннымі паміж Расеяй і Украінай адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. І не, ніхто з украінскага боку не заклікае адмовіцца ад гэтых абменаў у знак салідарнасці з беларускім народам, які цярпіць ад рук дыктатара. Гэта быў бы абсурд!
,,Украінцы ратуюць сваіх. І пляваць яны хацелі, колькі іхных грамадзянаў, напрыклад, супрацоўнічае з расейскімі спецслужбамі і ладзіць дыверсіі ў краінах ЕЗ. І нам бы так навучыцца! Казаць не «як нам сорамна за ўсіх нехарошых людзей з беларускім пашпартам», а нешта накшталт «ды гэта не беларусы, а ментальныя расейцы беларускага паходжання».
Шах і мат, мы тут да чаго. Мы моцна пакутуем праз расейскую імперскую палітыку, нам трэба падтрыманне і дапамога.
Заадно добра было б ужо запомніць, што не варта безразважна верыць усяму, што кажуць украінскія вайскоўцы, нават калі мы ўсёй душою жадаем Украіне перамогі. Інфармацыю па магчымасці трэба спраўджваць ці хоць бы шукаць ускосныя пацверджанні ці абвяржэнні.
«Кіберпартызаны» вось праверылі частку апублікаванага спісу, і выглядае, што некаторыя пункты ў ім выклікаюць пытанні. Напрыклад, у спісе ёсць людзі, у якіх у 2021 годзе (на момант атрымання «Кіберпартызанамі» базаў звестак) не было беларускага пашпарту. Гіпатэтычна яны маглі, вядома ж, атрымаць беларускае грамадзянства пасля гэтага і ледзь не адразу пайсці падпісваць кантракт у расейскае войска, але гэта толькі гіпотэза. І, як на мой густ, не самая моцная.

Шмат пытанняў выклікае і тэкст, якім праект «Хачу жыць» суправадзіў гэты спіс.
Па-першае, там заяўлена, што, у адрозненне ад іншых замежнікаў, беларусы ішлі ваяваць не за грошы, а за ідэю. На чым базуецца такая заява, няясна. Затое калі паглядзець на апублікаваныя даты падпісання кантрактаў, дык вынікае, што ўзровень ідэйнасці карэлюе з памерам выплатаў у Расеі. Таксама, згодна з вынікамі правярання ад «Кіберпартызанаў», шмат хто з гэтага спісу мае судзімасці альбо раней служылі ў МУС ці КДБ. Шмат у каго беларускае грамадзянства – другое, а першым было расейскае ці ўкраінскае. Шмат хто доўгі час не жыў у Беларусі, а працаваў ці сядзеў у турме ў Расеі.
,,Рэальная карціна вымалёўваецца больш разнастайнаю, чым яе спрабуюць паказаць украінскія вайскоўцы.
Але яны мала таго, што спрашчаюць, дык яшчэ і звяртаюцца да ўсёй нашай нацыі, кажучы, што колькі б нас не апрацоўвала прапаганда, гэтая вайна ніколі не зробіцца нашаю. А гэта дакладна той пасыл, які ўкраінцы хочуць данесці беларусам? Гэтая вайна дакладна ніколі не зробіцца сваёй для беларускіх добраахвотнікаў, рэйкавых партызанаў, людзей, якія дзяліліся звесткамі пра перасоўванні вайсковай тэхнікі з праектам «Беларускі Гаюн», і ўсіх валанцёрак і валанцёраў у Беларусі, якія дапамагаюць украінцам і ўкраінкам, што ўцякаюць з акупаваных тэрыторыяў? Здаецца, чалавек, які займаецца сацыяльнымі сеткамі «Хачу жыць», напісаў гэта, неяк не падумаўшы.
Але нам жа важна расказваць праўду і абараняць сябе. Бо тэкст, напісаны ўкраінцамі ў сваіх інтарэсах, з лёгкасцю будуць выкарыстоўваць заходнія палітыкі. Таксама ў сваіх інтарэсах. Каб атрымаць больш сімпатыяў ад выбарнікаў, яны абгрунтуюць гэтай заяваю ад украінскіх вайскоўцаў нейкае новае абмежаванне беларускіх грамадзянаў у правах. І калі мы будзем працягваць пасыпаць галаву попелам і казаць, што нам ніхто нічога не абавязаны, а толькі мы перад усімі вінаватыя, так яно і будзе. Ахвотных пнуць нас як нацыю заўжды будзе шмат. Дык, можа, час ужо перастаць саміх сябе цкаваць, уключыць крытычнае мысленне і пачаць задаваць нязручныя пытанні? Нават калі гэта пытанні да ўкраінцаў.